Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
КНГ АБСЭ ў Менску чакае рэакцыі Вены 16:08, 22/10/2002
Апошні дыпляматычны супрацоўнік Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі грамадзянка Малдовы Аліна Жасан на сёньня ня мае інфармацыі аб пэрспэктывах працы місіі ў Беларусі. Дадзенае рашэньне, заявіла Жасан "Интерфаксу" ў аўторак, будзе прынятае ў Вене.
Тэрмін дыпляматычнай акрэдытацыі Жасан сыходзіць 29 кастрычніка. Раней цягам году ў сувязі з адмоваю беларускіх уладаў у падаўжэньні акрэдытацыі і візаў Беларусь пакінулі выконваючы абавязкі кіраўніка місіі Мішэль Рывалье, палітычны дарадца місіі, часова выконваючы абавязкі кіраўніка КНГ Эндру Карпэнтэр, палітдарадца місіі Мэйган Фіцджэральд. Экс-кіраўнік місіі АБСЭ ў Беларусі пакінуў краіну напярэдадні 2002 году ў сувязі са сканчэньнем тэрміну свайго знаходжаньня. Нагадаем, што ў панядзелак афіцыйны прадстаўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства Павел Латушка заявіў “Медиафакту”, што місія АБСЭ ў яе цяперашняй форме працаваць у Беларусі ня будзе і падкрэсьліў, што “гэта зьяўляецца пазыцыяй ураду Беларусі”.