Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Своеасаблівыя адсносіны Беларусі і Іраку 16:10, 22/10/2002, “Голас Амэрыкі”
На фоне агульнасусьветнай мітусьні вакол Іраку пазыцыя Беларусі па гэтым пытаньні выглядае вельмі своеасабліва. Заявы афіцыйнага Менску, як і рэакцыя на іх афіцыйнага Багдаду, літаральна патрабуюць: “Зьвярніце на нас увагу, у нас ёсьць уласная думка”. Беларускія ПіАр-дзеяньні, тым не менш, вялікага посьпеху ня маюць. Пазыцыю невялікай эўрапейскай дзяржавы, якой зьяўляецца Беларусь, сусьветныя лідэры ў разлік не прымаюць. А думка аб Аляксандры Лукашэнкі і ягоным рэжыме калі і мяняецца, дзякуючы апошнім навінам, у горшы бок.
Адкрыта пра Ірак і Іран, як аб прыярытэтах беларускай замежнай палітыкі, яшчэ ня кажуць. Аднак у Менску рэгулярна праходзяць двухбаковыя мерапрыемствы эканамічнага і культурнага характару – толькі што, напрыклад, завяршылася вялікая прамысловая выстава. З Эўропы на Блізкі Ўсход і назад вандруюць дэлегацыі самай рознай рангі, ажно да другіх асобаў пералічаных дзяржаваў. Пры гэтым колькасьць візытаў даходзіць да некалькіх у месяц. А нацыянальныя – беларускія і блізусходнія, і замежныя – усе астатнія, мас-медыя рупліва пішуць, адпаведна – аб умацаваньні міжнароднага супрацоўніцтва і аб пагрозе міжнароднага тэрырызму ад гэтага супрацоўніцтва. Спробы аб’яднаць сувязі Беларусі з краінамі “восі зла” з паляпшэньнем іміджу рэспублікі відавочныя і, мякка кажучы, наўклюдныя. Так, на нядаўнім саміце кіраўнікоў дзяржаваў СНД Аляксандар Лукашэнка прапанаваў свае паслугі ў якасьці... пасярэдніка ва ўрэгуляваньні ірацкага пытаньня. Разам з тым, па выніках візыту чарговай блізусходняй дэлегацыі кіраўнік адзначыў, што Беларусь ня мае закрытых тэм для супрацоўнітцва, як няма і разыходжаньняў у палітычных поглядах названых краін. Прэзыдэнта падтрымлівае старшыня парлямэнцкай камсіі РБ па замежнай палітыцы Мікалай Чаргінец і заяўляе, што Беларусь ніколі не падтрымае самавольныя дзеяньні ЗША адносна Ірака. Члены блізусходніх дэлегацыяў тым часам актыўна цікавяцца навукова-вытворчым патэнцыялам Беларусі. У прэсу прасочваецца няшмат, аднак вядома, што госьці пабывалі зь візытамі на асноўных прадпрыемствах рэспублікі па вытворчасьці мікрасхем і абсталяваньня для іх, а таксама на флагмане беларускай оптыкі – канцэрне “БелОМО”. Канкрэтныя інтарэсы членаў блізусходніх дэлегацыяў невядомыя, аднак былы інспэктар ААН ў Іраку, а зараз ваенны кансультант Цімаці Макарці заявіў, што мае вялікія дакумэнтальныя зьвесткі супрацоўніцтва беларускай індустрыі з ваенна-прамысловым сэктарам Іраку. Іншыя экспэрты ўказваюць на масіраваныя пастаўкі на Бліжні Ўсход прадукцыі двайнога прызначэньня і ўласна ўзбраеньняў зь Беларусі. На глубінныя аспэкты супрацоўніцтва рэспублікі з Іранам і Іракам згадала газэта “Asia Times”. Паводле ейных прагнозаў, у выніку ваеннай апэрацыі ЗША на Блізкім Усходзе кошты на нафту спадуць прыкладна да 13 даляраў за барэль – больш чым удвая. Для расейскай эканомікі гэта можа азначаць катастрофу. У гэты час афіцыйны Менск спрабуе забіць максымальную колькасьць зайцоў адным палітычным камянём. З Расеяй ужо не сябруем – значыць, пашукаем іншыя крыніцы нафты. Амэрыка пагражае гэтым самым крыніцам – значыць, з усёй душой падтрымаем арабскі сьвет. Дасьць Бог, пасьля вайны атрымаецца ўвараць сабе сьвідравіну – іншую... Насамрэч сьмелае супрацьстаяньне Лукашэнкі плянам Вашынгтону падаецца сьмешным—ЗША наўрадці “дадуць паруляваць” у Пэрсідзкім заліве нават сваім саюзьнікам. А розьніца ў думках амэрыканскай і беларускай адміністрацыі агульнавядомая...