Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Амбасада Беларусі ў Расеі не называе прозьвішчы беларускіх закладнікаў 13:33, 24/10/2002
Амбасада Беларусі ў Расеі не называе прозьвішчы беларускіх закладнікаў Ўладзімер Грыгор’еў паведаміў «Інтэрфаксу», што амбасада ведае прозьвішчы шасьці грамадзян нашай рэспублікі, якія, паводле прапановаў, знаходзяцца ў будынку Дому культуры. Разам з тым Грыгор’еў заявіў, што дыпляматы наўмысна пакуль не агучваюць гэтыя прозьвішчы з тым, каб не хваляваць блізкіх і сваякоў беларускіх грамадзян “раней часу”. Амбасадар патлумачыў, што зьвесткі, якія трапілі ў рукі дыпмісіі не зьяўляюцца афіцыйна пацьверджанымі. Існуе верагоднасьць таго, што дадзеныя зьвесткі не пацьвердзяцца, адзначыў Грыгор’еў.
У беларускую дыпмісію патэлефанавалі жыхары Масквы, якія паведамілі, што іх сваякі, што прыбылі напярэдадні зь Беларусі, сышлі ўчора вечарам на м’юзыкал “Норд-Ост” і да раніцы не вярнуліся. Акрамя таго, двое грамадзян Беларусі не начавалі ў мінулую ноч у адной з маскоўскіх гатэляў, сказаў амбасадар. Кіраўнік беларускай дыпляматычнай місіі ў Расеі паведаміў, што ў штабе, што створаны праваахоўчымі структурамі на месцы здарэньня, яму папярэдне пацьвердзілі факт утрыманьня тэрарыстамі трох грамадзян Беларусі. “Але дакладна -- ці знаходзяцца там беларусы ці не – я сьцьвярджаць не магу, бо асабіста ня бачыў сьпіс людзей, якія прыбывалі ў ДК”, -- сказаў Грыгор’еў. Ён адзначыў, што паводле папярэдніх дадзеных, баевікі ўтрымліваюць прадстаўнікоў каля 20 розных дзяржаваў. Амбасадар Беларусі паведаміў, што ў будынку амбасады вядзецца кругласутачнае дзяжурства. Дыпляматы “выконваюць увесь комплекс мерапрыемстваў, якія можна зрабіць у дадзенай трагічнай сытуацыі”,- сказаў Грыгор’еў. Зараз кіраўнік дыпмісіі асабіста спрабуе выйсьці на гаспадароў мабільных тэлефонаў сярод людзей, якія ўтрымліваюцца тэрарыстамі, каб высьвятліць колькасьць беларускіх грамадзян у Доме культуры і паспрабаваць весьці кантакт з баевікамі. Амбасадар спадзяецца, што здолее пераканаць тэрарыстаў адпусьціць беларускіх грамадзян.