Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Юры Хашчавацкі: сёньня важна зразумець, які гэта жах - вайна 14:47, 24/10/2002
Страшныя падзеі ў Маскве, што разгортваюцца зараз ля будынку Дома культуры, дзе ў закладніках апынуліся больш за 700 чалавек, сярод якіх таксама прысутнічаюць грамадзяне Беларусі, мы папрасілі пракамэнтаваць вядомага беларускага кінарэжысёра Юр’я Хашчавацкага, які як раз завяршыў здымкі дакумэнтальнага фільму пра вайну ў Чачэніі “Каўказскія палонныя”. “Каўказскія палонныя” – фільмы пра тое, як мяняецца жыцьцё людзей падчас вайны. “Я заўважыў, што вельмі многія людзі ставіліся да вайны зь цікаўнасьцю. Маркотнае, жабрацкае жыцьцё прывяло іх та таго, што яны палічылі, што вайна можа зьмяніць іх жыцьцё. Сёньня важна зразумець, -- кажа рэжысёр, -- які гэта жах - вайна, якімі небясьпечнымі становяцца людзі. Зьвярэюць усе -- і чачэнскія баевікі, і расейская армія. І гэтае зьверства зараз выліваецца ў грамадзтва”.
--Я мяркую, што гэта сумесная правакацыя як з боку чачэнскіх баевікоў, так і з боку партыі вайны, што існуе ў Маскве. Усе яны хочуць працягу гэтай бойні. Патлумачыць гэта можна вялікімі грашыма. З гэтай мэтай яны спрабавалі ўцягнуць у канфлікт Грузію, і я думаю, яшчэ будуць рабіць такія спробы. Усё гэта агідна. Тым больш агідна ў сувязі з тым, што салдаты расейскай арміі, на жаль, у псыхалягічным пляне шмат у чым азьвярэлыя людзі. Мне падаецца, што ў расейскай арміі зьверствы ўхваляюцца генэраламі. Культ сілы, культ зьнявагі да так званых “чорных”, куль нянавісьці там вітаецца. За доказамі ня трэба далёка хадзіць. Гісторыя Буданава і тыя аргумэнты абароны, якія прыводзіў Шаманаў, які адзін час камандаваў у Чачэніі, а зараз губэрнатар Ульянаўскай вобласьці. Зараз пра яго кажуць як пра расейскага героя, і калі так лічыць вышэйшае кіраўніцтва Расеі, то пра што яшчэ можна казаць? Страшныя падзеі ў Маскве – гэта заканамерны працяг той палітыкі, якую вядзе партыя вайны ў Расеі. Уратуй нас Бог ад гэтых людзей, бо з такімі апетытамі яны могуць увесь сьвет запаліць. --Юры Іосіфавіч, ці магчымыя такія падзеі ў Беларусі і што можа іх справакаваць? --Вышэйшае кіраўніцтва Беларусі на дадзены момант таксама практычна зьяўляецца партыяй вайны. Перш за ўсё вайны з уласным народам. У ход пайшла грубая сіла, абсалютнае беззаконьне, якое мы назіралі як раз учора (дэпартацыя з краіны лідэра СПС Барыса Нямцова і віцэ-сьпікера Дзярждумы РФ Ірыны Хакамады – заўв.прэсавага цэнтру Хартыі), у ходзе страх, а страх у перакладзе – гэта тэрор. Адным словам з гэтага пункту погляду, я лічу, беларускія ўлады карыстаюцца тэрорам, паколькі палохаюць людзей, апазыцыю, расейскіх палітыкаў. Я ня бачу вялікай розьніцы між тым, што адбываецца ў асяродку так званай партыі вайны ў Расеі, і той сытуацыяй, у якой жыве беларускае грамадзтва. Наагул мне часам падаецца, што ўсё гэта зьвеньні аднаго ланцуга.