Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь будзе пастаўляць аўтатэхніку ў Ірак 16:13, 24/10/2002, KMNews.ru
Міждзяржаўная фінансава-прамысловая група “Беларусаўта” мае намер наладзіць пастаўкі беларускай аўтатэхнікі ў Ірак, паведаміў "Интерфаксу" дырэктар беларускага аддзялення ФПГ Ігар Авяркіеў. Зь ягоных словаў, зараз зарэгістраванае прадстаўніцтва “Беларусаўта” ў Багдадзе, пачаліся перамовы з зацікаўленымі міністэрствамі й ведамствамі Іраку, а такама вядзецца прыём заявак на набыцьцё беларускай тэхнікі.
Авяркіеў паведаміў, што на наступным этапе рэалізацыі праекту ў Багдадзе будзе адкрыты сэрвісны цэнтар па абслугоўваньні беларускіх аўтамабіляў. Паводле словаў Авяркіева, у Ірак будзе пастаўляцца ўся гама тэхнікі, якая выпускаецца ў Беларусі, у тым ліку цягачы, будаўнічая тэхніка, лесавозы. Плянуецца таксама экспартаваць у гэтую краіну міжгароднія аўтобусы вытворчасьці Менскага аўтазаводу. Узор такога аўтобусу будзе прадстаўлены на міжнароднай прамысловай выставе, якая адкрыецца 1 лістапада ў Багдадзе. У Ірак плянуецца экспартаваць тэхніку Менскага аўтазаводу, БелаАЗу, Магілёўскага аўтазаводу, Менскага заводу колавых цягачоў, Менскага трактарнага заводу. Авяркіеў адзначыў, што прадстаўніцтва гатовае садзейнічаць працы на гэтым рынку расейскім вытворцам. Як сказаў Авяркіеў, інтарэс “Беларусаўта” да рынку Іраку зьвязаны з тым, што “падчас існаваньня Савецкага Зьвязу гэты рынак быў нам дастаткова блізкі”. Ён дадаў, што стварэньне прадстаўніцтва ў Іраку накіраванае на пашырэньне рынкаў збыту й рэалізацыі прадукцыі праз прамых прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў.