Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Томас Дайн вітае вызваленьне беларускай журналісткі 10:48, 25/10/2002
Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Томас Дайн вітаў вызваленьне 18 кастрычніка журналісткі беларускай службы РСЕ/РС Натальлі Судлянковай нямецкімі ўладамі, якія “ўсьвядомілі неабгрунтаванасьць абвінавачваньняў, вылучаных супраць Натальлі” беларускім урадам. Судлянкова была затрыманая 7 кастрычніка на чэска-германскай мяжы на падставе міжнароднаго ордэра, выдадзенага ўрадам Беларусі.
“Мы рады, што Натальля, нарэшце, вызваленая і можа зараз далучыцца да сваёй сям’і ў Празе”, -- заявіў Дайн і дадаў: “Безумоўна, германскія ўлады ўсьвядомілі неабгрунтаванасьць абвінавачваньняў, вылучаных супраць Натальлі, і больш не жадаюць іграць ролю ў зьвядзеньні палітычных рахункаў недэмакратычным рэжымам беларускага лідэра Аляксандра Лукашэнкі”. Судлянкова, журналіст беларускай службы РСЕ/РС, была затрыманая 7 кастрычніка на чэска-германскай мяжы на падставе міжнароднага крымінальнага ордэра ўраду Беларусі. Грамадзянка Беларусі Судлянкова доўгі час актыўна займалася палітычнай дзейнасьцю, апазыцыйнай Лукашэнку, выехала з краіны разам са сваёй сям’ёй у 1999 годзе і атрымала палітычны прытулак ў Чэскай Рэспубліцы. У студзені 2002 году чэскі суд адхіліў хадайніцтва менскіх уладаў аб яе экстрадыцыі і палічыў, што вылучаныя супраць Судлянковай абвінавачваньні не адносяцца да сутнасьці справы. Аднак гэтыя абвінавачваньні не былі зьнятыя і яе імя засталося ў сьпісе вышуку злачынстваў “Інтэрполу”. Судлянкова была арыштаваная падчас сваёй першай спробы выехаць за межы Чэскай Рэспублікі з моманту дачы палітычнага прытулку. Радыё свабодная Эўропа/Радыё Свабода – фінансуемая Кангрэсам ЗША праз Савет кіруючых вяшчаньнем прыватная міжнародная камунікацыйная служба для Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Эўропы, Каўказа, Цэнтральнай і Паўднёва-Заходняй Азіі. (Распаўсюджана Офісам міжнародных інфармацыйных праграмаў дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Вэб-сайт: http://usinfo.state.gov/russki/)