Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прозьвішчы беларускіх закладнікаў 11:00, 25/10/2002
Сталі вядомымі імёны і прозьвішчы шасьці беларусаў, якія знаходзяцца ў захопленым 23 кастрычніка чачэнскімі тэрарыстамі будынку Тэатральнага цэнтру ў Маскве. Гэта – Тацьцяна Ткачук, Вольга Золіна, Людміла Багачова, Вольга Протас, Ганна Савіцкая і Віктар Савіцкі. Пра гэта паведаміў тэлеканал ОНТ. Аднак захопленых у якасьці закладнікаў беларусаў можа быць болей. У дадатковым сьпісе расейскіх і замежных грамадзян, якія ўтрымліваюцца ў закладніках у Тэатральным цэнтры Масквы, які РІА “Новости” атрымала ў апэратыўным штабе апэрацыі па вызваленьні закладнікаў, пазначана прозьвішча яшчэ адной грамадзянкі Беларусі. Гэта Ларыса Краўцова.
Як паведаміў карэспандэнту "Белорусских новостей" другі сакратар консульскага аддзелу амбасады Беларусі й Расеі Аляксандар Сакалоўскі, амбасада не можа не пацьвердзіць, ні абвергнуць гэтую інфармацыю. Зь Беларусі ніхто са сваякоў грамадзянкі з такім прозьвішчам не тэлефанаваў. Падобная сытуацыя зь імёнамі яшчэ чатырох беларусаў з раней апублікаванага сьпісу. Дакладна вядома толькі, што сярод закладнікаў знаходзяцца муж і жонка Ганна і Віктар Савіцкія. Аляксандар Сакалоўскі ня выключыў, што беларусаў, затрыманых зараз у якасьці закладнікаў, можа быць і болей, бо пры набыцьці квіткоў на м’юзыкал ніхто, вядома, нацыянальнасьці не пытаўся, а таму грамадзянскую прыналежнасьць закладнікаў вызначыць вельмі складана. А між тым, катарская тэлевізія “Аль-Джазіра” паказала зварот чачэнскіх баевікоў, якія захапілі Дом культуры ў Маскве. Калі і дзе быў зроблены гэты запіс, невядома. Як стала вядома тэлекампаніі НТВ, мужчыны ў чорным і жанчыны ў чадрах падчас звароту кажуць пра гатоўнасьць ахвяраваць жыцьцём у імя Алаха і свабоды Чачэніі. “Мы вырашылі памерці ў Маскве і забярэм з сабой жыцьці сотняў грэшнікаў,” – сказала адна з тэрарыстак. “Нас называюць злачынцамі, але сапраўдныя злачынцы – гэта расейскі ўрад”, -- заявілі тэрарысты. Тэрарысты зноў пацьвердзілі, што зьяўляюцца сьмертнікамі і гатовыя разьвітацца з жыцьцём і не пашкадуюць закладнікаў, калі ня будуць выкананныя іх патрабаваньні.