Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сярод загінулых у Маскве закладнікаў ёсьць грамадзянка Беларусі 10:45, 28/10/2002
Сярод тых, хто загінуў у выніку тэракту ў Маскве апазнаная грамадзянка Беларусі – Людміла Барысаўна Багачова, 1947 году нараджэньня. У працэдуры пазнаньня ўдзельнічалі сын загінулай і консульскі супрацоўнік амбасады Беларусі ў Расеі. Прэсаваму цэнтру Хартыі’97 удалося выйсьці на сувязь з сынам Людмілы Барысаўны ў дзень штурму Тэатральнага цэнтру 26 кастрычніка. Тады беларуская амбасада паведаміла, што ніхто зь беларускіх грамадзян, якія знаходзіліся сярод закладнікаў у Тэатральным цэнтры на Дуброўцы, не пацярпеў. Аляксей Багачоў нічога ня ведаў пра лёс сваёй маці да 27 кастрычніка. Толькі праз суткі пасьля штурму стала вядома, што Людміла Барысаўна загінула... Мы выказваем спачуваньні родным і блізкім Людмілы Барысаўны Багачовай.
Людміла Багачова, пэнсіянэрка, часова пражывала ў Маскве ў аднаго з трох сыноў-масквічоў. Перш працавала на Менскім экспэрыментальным фурнітурным заводзе. У Тэатральным цэнтры на Дуброўцы яна прадавала квіткі. У розных мэдычных установах сталіцы знаходзяцца яшчэ шэсьць грамадзян Беларусі, што былі ў ліку закладнікаў: Савіцкая Ганна Паўлаўна, Савіцкі Віктар Паўлавіч, Ткачук Тацьцяна Міхайлаўна, Протас Вольга Сяргееўна, Золіна Вольга Ўладзімераўна, Краўцова Ларыса Фёдараўна. Іх стан расцэньваецца мэдыкамі як “сярэдняй цяжкасьці”. Вользе Протас - 15 гадоў. Яна нарадзілася ў Гомлі, навучаецца ў маскоўскай школе “Золотое сечение”. Оля даўно хацела паглядзець шырока разрэклямаваны м’юзыкал “Норд-Ост”. І калі ў школе зьявіліся распаўсюджвальнікі недарагіх квіткоў, вырашыла, што гэта ўдача. На спэктакль трапіла разам з 14-ю вучнямі і трыма настаўнікамі сваёй школы. Але паглядзець ім удалося толькі першую дзею. Як толькі загучала музыка другой часткі “Норд-Оста”, у зал уварваліся ўзброеныя людзі. “Было страшна, але я верыла ў тое, што ўсё будзе добра”, - распавяла Оля ў інтэрвію карэспандэнту БЕЛТА. Яна лічыць, што менавіта вера й надзея на лепшае дапамаглі ёй перажыць увесь гэты жах. Оля ведала, што ўвесь гэты час яе родныя й блізкія хвалююцца і моляцца за яе – гэта надавала ёй сілы. Як праходзіла апэрацыя па вызваленьні закладнікаў, Оля не памятае – агоўталася толькі ў шпіталі. Зараз яна адчувае сябе лепей, рыхтуецца да выпіскі і хоча як мага хутчэй забыць пра здарэньне. Стан здароўя былой беларускай закладніцы Ткачук Тацьцяны Міхайлаўны ацэньваецца дактарамі як задавальняючы. Яна знаходзіцца ў першым ветэранскім шпіталі гораду Масквы і, магчыма, хутка будзе выпісана. Крэспандэнту БЕЛТА ўдалося зьвязацца з мужам Тацьцяны Міхайлаўны, які знаходзіцца зараз у Маскве, - Юр’ем Ткачуком. Паводле ягоных словаў, ён стала трымае сувязь з жонкай па тэлефоне, адзін раз бачыў яе з вакна шпіталю. На тэрыторыю ветэранскага шпіталю нікога не пускаюць, адзначыў Юры Ткачук, а падрабязную інфармацыю пра стан здароўя пацярпелых мэдыкі не паведамляюць. Ён распавёў, што Тацьцяна – акушэр-гінэколяг. 20 кастрычніка яна разам з сяброўкай і калегай Вольгай Золінай прыехала ў Маскву, каб павысіць кваліфікацыю на міжнародных курсах “Маці і дзіця”. 23 кастрычніка яны пайшлі паглядзець м’юзыкал “Норд-Ост” і апынуліся ў ліку закладнікаў. Спачатку ўсе былі ў шоку, распавёў Юры Ткачук са словаў жонкі, бо ніхто ня думаў, што такое можа адбыцца. Перанесеныя ўзрушэньні аб’ядналі ўсіх, хто міжволі трапіў у рукі тэрарыстаў. Як праходзіла апэрыцыя па вызваленьні закладнікаў, Тацьцяна не памятяе - яна агоўталася толькі ў шпіталі. Хутчэй за ўсё, мяркуе ейны муж, расейскія спэцслужбы прымянялі ўсыпляючы газ. Зараз Тацьцяна Ткачук адчувае сябе нармальна і спадзяецца на хуткае вяртаньне дадому. Паводле апошніх дадзеных, пры штурме Тэатральнага цэнтру загінула 118 чалавек. З загінулых закладнікаў толькі адзін памёр ад агнявога раненьня ў галаву. Усе астатнія загінулі ад наступстваў ўзьдзеяньня прымененых падчас штурму спэцсродкаў. Пра гэта заявіў старшыня каміэту аховы здароўя Масквы Андрэй Сяльцоўскі. Асноўныя наступствы гэтага ўзьдзеяньня зьвязаныя з парушэньнем дыханьня, крывазвароту, а таксама стратай сьвядомасьці. Паводле словаў анэстазіоляга Еўдакімава, устаноўлена, што “газ уяўляў сабой рэчыва агульнага наркатычнага дзеяньня, якое прымяняецца ў хірургіі для агульнага наркозу”. Павелічэньне дозы гэтага рэчыва правакуе такога кшталту зьявы, падкрэсьліў ён і дадаў, што для рэабілітацыі пацярпелых пасьля ўзьдзеяньня такога газу “неабходны пэўны час”. Ён сказаў, што гэты час “залежыць ад стану чалавека”. З гэтае прычыны Сяльцоўскі ўдакладніў, што ступень узьдзеяньня прымененага газу на людзей, хутчэй за ўсё, была павялічана аслабленым станам закладнікаў, “якія знаходзіліся цягам трох сутак у нестандартнай абстаноўцы”. Як ён патлумачыў, да пачатку штурму будынку дактары ня мелі інфармацыі пра тып сродкаў, якія будуць прымяняцца. Аднак ён адзначыў, што стандартны антыдот, які выкарыстоўвася пасьля ўзьдзеяньня гэтых спэцсродкаў, - дастаткова шырокага дзеяньня й разьлічаны на нейтралізацыю вялікага асартымэнту адмысловых сродкаў.