Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Менску адкрыецца прадстаўніцтва Чачэнскай рэспублікі 13:09, 28/10/2002
На дадзены момант у МЗСе Беларусі ідзе працэдура рэгістрацыі прадстаўніцтва Чачэнскай Рэспублікі Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. У інтэрвію БелаПАН кіраўнік прадстаўніцтва Руслан Хізрыеў адзначыў, што гэта першая дыпляматычная структура Чачэніі за межамі Расейскай Федэрацыі.
Паводле словаў Р.Хізрыева, прадстаўніцтва адкрываецца ў мэтах садзейнічаньня аднаўленьню разбуранай эканомікі Чачэніі. Паводле ягоных словаў Чачэнская Рэспубліка мае вострую праблему ў пастаўках сельскагаспадарчай тэхнікі, будаўнічых матэрыялаў, тавараў лёгкай прамысловасьці й мэдыкамэнтаў. Ён спадзяецца, што прадстаўніцтва здолее каардынаваць дзеяньні чачэнскага бізнэсу па пастаўках прадукцыі беларускай прамысловасьці. Таксама мяркуецца, што частка гэтай прадукцыі будзе пастаўляцца за кошт запазычанасьці Беларусі за расейскія энэрганосьбіты. Будучае прадстаўніцтва зьбіраецца падтрымліваць цесныя кантакты з арабскай дыяспарай у Менску, з амбасадамі арабскіх краін і амбасадай Турцыі. Асаблівая ўвага, кажа Р.Хізрыеў, будзе надзяляцца жыцьцю чачэнскай дыяспары ў Беларусі і фармаваньню яе іміджу ў вачах беларускага насельніцтва. Ён мяркуе, што на дадзены момант існуе некалькі аднабаковае і негатыўнае ўспрыняцьце якасьцяў чачэнскага народу. У сувязі з гэтым дыплямат плянуе наладзіць у Беларусі Дні чачэнскай культуры і іншыя мерапрыемствы, якія будуць знаёміць з побытам, гісторыяй і культурай чачэнцаў. Р.Хізрыеў перакананы, што чачэнскаму прадстаўніцтву будзе прасьцей кантраляваць і чачэнскі крыміналітэт, калі такі праявіцца ў рэспубліцы.