Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пракуратура бярэ пад кантроль інтэрнэт 11:40, 29/10/2002
Журналістаў зачыненай гарадзенскай газэты "Пагоня" пачалі па адным выклікаць у раённы аддзел міліцыі. Ахоўнікі парадку выконваюць загад абласной пракуратуры - прыцягнуць да адказнасьці тых, хто распаўсюджвае ў інтэрнэце зачыненую газэту "Пагоня". Юрысты сьцьвярджаюць, што законных падставаў для пакараньня журналістаў няма: паводле дзейнага Закону аб друку, інтэрнэт-рэсурсы ня лічацца сродкамі масавай інфармацыі. Міліцыя ж пагражае прыцягнуць іх да адміністрацыйнай адказнасьці.
Пакуль што з 7-і асобаў, што стаяць "у чарзе" на выклік, міліцыю наведала толькі журналістка Ірына Чарняўка. Пры канцы мінулага тыдня ёй дахаты патэлефанаваў асабіста старшы лейтэнант Стасюкевіч з аддзелу аховы парадку Ленінскага РУУС, і запрасіў на размову. Як высьветлілася, дзеяньні міліцыянта былі адказам на запыт з гарадзенскай абласной пракуратуры, якая патрабавала прыцягнуць да адказнасьці аўтараў інтэрнэт-газэты "Пагоня" - спадкаемцы зачыненага друкаванага выданьня. Паводле лейтэнанта Стасюкевіча, журналістам можна інкрымінаваць парушэньне артыкулу 172 Адміністратыўнага кодэксу РБ -"незаконны распаўсюд друкаваных выданьняў". “Яны шукаюць чалавека, якога можна прыцягнуць да адказнасьці за распаўсюд інфармацыі ў інтэрнэце. Я паспрабавала паспрачацца, што інтэрнэт-выданьні ў нас не рэгіструюцца і наагул не зьяўляюцца сродкам масавай інфармацыі. Сп.Стасюкевіч дастаў з шуфлядкі стала Закон аб друку й зачытаў, што "СМІ - гэта газэты, радыё, тэлевізія і інш." Пад "іншым", на ягоную думку, якраз маецца на ўвазе інтэрнэт...”, - паведаміла ў інтэрвію Радыё Рацыя Ірына Чарняўка. Між тым, ніякіх законных падставаў для прыцягненьня журналістаў да адказнасьці няма, - лічыць юрыст Цэнтру прававой дапамогі СМІ пры БАЖ М. Пастухоў. Інтэрнэт-выданьні будуць прыроўненыя да СМІ толькі пасьля прыняцьця новага закону аб СМІ, які цяпер разглядае адміністрацыя прэзыдэнта. Тым ня менш, улады будуць і надалей ціснуць на рэдакцыю, каб тая прынамсі памяняла назву выданьня, - лічыць М. Пастухоў. Журналісты "Пагоні", між тым, мяняць свой тытул не зьбіраюцца. Чарняўка кажа, што ўсе журналісты маральна гатовыя да выкліку ў міліцыю. Па ейных словах, былы галоўны рэдактар "Пагоні" Мікола Маркевіч, які адбывае пакараньне ў Асіповіцкай спэцкамэндатуры, ведае пра праблемы калегаў і жадае ім вытрымкі.