Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дзяржкантроль распачаў восем крымінальных справаў 16:08, 29/10/2002
Як паведамляе прэсавы цэнтар Камітэту дзяржкантролю, дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў КДК і Сьледчы камітэт пры МУС распачалі 8 крымінальных спраў. Іх фігуранты – беларускія і замежныя “юрыдычныя і фізычныя асобы”, а таксама чыноўнікі, якія лябіравалі інтарэсы камэрцыйных фірм. Такі прамежкавы вынік “праверачных і апэратыўна-вышукных мерапрыемстваў па выяўленьні й спыненьні ценявога звароту шпалераў айчыннай вытворчасьці”.
Створаная па ўказаньні Прэзыдэнта міжведамственная камісія на чале са старшынём Камітэту дзяржкантролю Анатолем Тозікам дзейнічае. І, мяркуючы па навінах, дзейнічае вельмі энэргічна (нядаўна мы паведамлялі пра апэрацыю на станцыі Берасьце-Цэнтральны, вынікам якой стала распачынаньне некалькіх крымінальных справаў супраць мытнікаў). 25 кастрычніка міжведамственнае фармаваньне прадстаўнікоў кантрольных і сілавых структур працавала на выезьдзе ў Гомлі – бліжэй да адной з асноўных крыніц таварнага рэсурсу, які трапляе на рынак і рэалізуецца “невядомымі шляхамі”. У афіцыйнай інфармацыі, якую праводзіць “Советская Белоруссия”, згаданы адзін з кіраўнікоў інспэкцыі Міністэрства па падатках і зборах па Гомельскай вобласьці – хтосьці С.(прозьвішча пакуль не агучваецца). Пра яго сказана: выкарыстоўваючы службовыя паўнамоцтвы, наўмысна не прыняў рашэньне адносна нейкай гомельскай фірмы, якая рэалізоўвала айчынныя шпалеры з грубымі парушэньнямі закону. Ён, падкрэсьліваецца ў паведамленьні прэсавага цэнтру, “адкрыта лябіруе інтарэсы бранскай фірмы, якая пастаўляла аб’яднаньню “Гомельшпалеры” паперу, перашкаджаў правядзеньню праверкі супрацоўнікамі падаткавай інспэкцыі”. (Адносна С.распачатая крымінальная справа, ён адхілены ад займаемай пасады).