Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Касьцян абвінаваціў ЗША ў падрыхтоўцы тэракту ў Маскве 16:11, 29/10/2002
Галоўнай прычынай тэракту ў Маскве зьяўляецца наяўнасьць саюзьнікаў тэрарыстаў у Крамлі, а таксама ва ўрадзе і Федэральным сходзе Расеі. Такую думку ў панядзелак выказаў у інтэрвію “Медиафакту” намесьнік старшыні камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД беларускай “палаты прадстаўнікоў” Сяргей Касьцян. Паводле ягоных словаў, тэракты будуць працягвацца да таго часу, пакуль “Расеяй ня стануць кіраваць рускія”. Кажучы аб арганізацыі тэрарыстычнага акту ў Маскве, “дэпутат” заявіў, што “галоўным тэрарыстам зьяўляюцца ЗША”. А галоўным ідэолягам - кангрэс гэтай краіны.
“Для нас не сакрэт, што менавіта ЗША фінансуюць антырасейскія і антыбеларускія кампаніі”, -- сказаў ён. Пры гэтым “парлямэнтар” адзначыў, што погляд сусьветнай грамадзкасьці на праблему вайны ў Чачэніі “усё адно ня зьменіцца, бо ў Радзе Эўропы і АБСЭ добра ведаюць, хто насамрэч кантралюе і фінансуе тэрарыстаў”. Падкрэсьліваючы неабходнасьць больш жорсткага пашпартна-візавага рэжыму для грамадзян Чачэніі ў Беларусі, С.Касьцян сказаў, што ў цяперашняй сытуацыі неабходна думаць аб бясьпецы беларускіх грамадзян, а не пра ацэнку дзеяньняў сілавых структур, якія ажыцьцяўляюць гэты кантроль. “Мы памятаем, як Гітлер прасаваў танкамі ўсю Эўропу, і ЗША падтрымлівалі яго. Зараз такія самыя дзеяньні ажыцьцяўляе Ізраіль адносна Палясьціны. І Амэрыка ўхваляе палітыку Ізраілю. Мы павінны не прыслухоўвацца да іх думкі, а рабіць усё магчымае, каб зрабіць больш бясьпечным жыцьцё грамадзян нашай краіны”, – лічыць Касьцян. Акрамя таго, на думку “дэпутата”, для забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі Беларусі варта аб’яднаць намаганьні па барацьбе з тэрарызмам з патрыятычнымі сіламі Расеі.