|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Ганс-Георг Вік: мандат КНГ АБСЭ застанецца без зьменаў 11:03, 30/10/2002 Як высьветлілася, спадар Вік шкадуе, што апошнім часам ён ня так часта сустракаецца са сваімі беларускімі знаёмымі і сябрамі, што ён з задавальненьнем яшчэ б неаднойчы наведаў Беларусь, аднак менскія ўлады па-ранейшаму адмаўляюць яму ў візе. - Я гатовы ў любы час прыехаць у Менск. Тое, што Беларусь адмаўляе мне ў візе, гэта вялікая памылка беларускага ўраду. Аднак... кожны сам павінен адказваць за свае памылкі. Радыё Свабода: Спадар Вік, тое, што цяпер у менскай місіі не засталося ніводнага чалавека, вы расьцэньваеце таксама як памылку Менску? Паводле шэрагу назіральнікаў, беларускім уладам было б значна зручней працягнуць мандат таму ж Рывалье і такім чынам аўтаматычна зьнізіць статус КНГ... Вік: Беларускае кіраўніцтва ўвесь час імкнулася і імкнецца да таго, каб місіі альбо не было ўвогуле, альбо каб гэтая місія працавала бы зь іншым мандатам. Менавіта таму ўлады і пайшлі на тое, каб не працягваць візы іншым супрацоўнікам місіі. Зразумела, АБСЭ бачыць сваю далейшую дзейнасьць на падставе дзейнага мандату. Тым ня менш, кіраўнік АБСЭ гатовы абмеркаваць пытаньні і пэўныя зьмены. Радыё Свабода: Такім чынам, Эўропа разглядае верагоднасьць зьмены мандату? Вік: Толькі ня блытайце мяне. Ніякіх зьменаў няма. Аднак ёсьць гатовасьць Эўропы абмеркаваць гэтую тэму. На жаль, абмеркаваньне пакуль не прынесла ніякіх вынікаў. Радыё Свабода: Скажыце, ці сапраўды Эўропе неабходна настойваць менавіта на гэтай форме супрацоўніцтва зь Беларусьсю? Няўжо нельга знайсьці нейкія іншыя шляхі ў дачыненьнях — акрамя як праз АБСЭ? Вік: Я ня бачу ніякіх іншых шляхоў. Я лічу, што місія павінна працягваць дзейнасьць у тым выглядзе, як гэта было раней. Я маю на ўвазе супрацоўніцтва як з урадам, так і з апазыцыяй. Ва ўрадзе місія бачыла партнэра, адказнага за дэмакратычныя рэформы ў дзяржаве, а ў грамадзянскай супольнасьці — адказную за разьвіцьцё дэмакратычных структураў у грамадзтве. Калі ж Беларусь адмовіцца ад супрацоўніцтва з Эўропай, то яна зробіць шкоду выключна самой сабе. Радыё Свабода: А што перашкаджае ёй гэта зрабіць, я маю на ўвазе — шкоду самой сабе? Вік: У эўрапейскіх структурах прадстаўленая Расея, якая зацікаўленая ў ажыцьцяўленьні дэмакратычных працэсаў. Зразумела, яна паспрабуе ўплываць на рашэньні Менску. Зь іншага боку, трэба чакаць гэтак званага эфэкту бумэрангу ад тых дэмакратычных структураў, якія былі створаныя дзякуючы кансультацыям місіі і дзейнасьць якіх зараз значна абмежаваная ўладамі. Аднак, паўтаруся, ад сілаў, якія падаўляюцца, трэба чакаць удару ў адказ. Паводле спадара Віка, беларуская сытуацыя мусіць выкрысталізавацца ў часе мясцовых выбараў. Усё залежыць ад таго, наколькі гатовыя да кааліцыі палітычныя сілы і недзяржаўныя арганізацыі. Паводле нямецкага дыплямата, беларускае грамадзтва паступова ідзе да таго, каб бачыць на чале не адну пэрсону, а дэмакратычную кааліцыю, якая б мела шырокія кантакты з насельніцтвам.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|