Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Беларусі будуць прыватызаваныя 30% дзяржуласнасьці 13:07, 01/11/2002, «Деловая неделя»
У Беларусі да канца гэтага году будзе прыватызавана каля 30 адсоткаў аб’ектаў дзяржуласнасьці. У адпаведнасьці з пастановай ураду, разьдзяржаўліваньню падлягаюць 60-65 з 188 аб`ектаў.
Сьпіс аб’ектаў, якія падлягаюць прыватызацыі быў сфармаваны на падставе прапановаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага ўпраўленьня. У яго ўваходзяць 119 прадпрыемстваў Мінсельгасхарчу, 36 прадпрыемстваў Мінпраму, 7 - Мінбудархітэктуры, 3 - Мінгандлю, 2 - Мінтрансу, 2 - Мінінфармацыі, 1 - камітэту лясной гаспадаркі, 14 - канцэрну “Белнафтахім”, 2 – “Белместпраму”, 1 – “Белбіафарму”, 3 – “Белдзяржхарчу”. У той самы час, папярэднія вынікі працэсу прыватызацыі гэтых прадпрыемстваў сьведчаць, што працоўныя калектывы больш чым 50-ці зь іх адмовіліся ад рэфармаваньня. Умовы характэрныя ў асноўным для прадпрыемстваў, падведамственных Мінсельгасхарчу. Да канца сёлетняга году заплянавана цалкам завершыць працэс акцыянаваньня сямі буйнейшых прадпрыемстваў беларускай нафтахіміі. Акрамя таго, да канца году завершанае фармаваньне Берасьцейскага электралямпавага заводу і ВА “Гарызонт”. Да сьнежня гэтага году на падставе прапановаў ведамстваў будзе сфармаваны сьпіс аб’ектаў рэспубліканскай уласнасьці, якія падлягаюць прыватызацыі ў 2003 годзе. Чакаецца, што ў гэты сьпіс можа быць уключаны шэраг аб’ектаў Міністэрства абароны, а таксама лікёрагарэлачныя заводы. Для акцыянаваньня апошніх неабходны дэкрэт прэзыдэнта, які б выводзіў іх са сьпісу аб’ектаў, што знаходзяцца ва ўласнасьці дзяржавы. Паводле дадзенага дэпартамэнту па ўпраўленьні дзяржмаёмасьцю Мінэканомікі, за 2001 год на аб’ектах рэспубліканскай уласнасьці створана 25 адкрытых акцыянэрных таварыстваў, рэфармавана 75 аб’ектаў камунальнай уласнасьці. Усяго за пэрыяд з 1991 году па канец кастрычніка 2002 году ў Беларусі цалкам ці часткова прыватызавана 3518 аб’ектаў, у тым ліку 867 прадпрыемстваў рэспубліканскай і 2651 камунальнай уласнасьці.