Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дзень ушанаваньня продкаў у Менску прайшоў мірна 10:53, 04/11/2002
Каля 600 чалавек прынялі ўдзел у шэсьці, прысвечаным Дню ўшанаваньня продкаў “Дзяды”, якое адбылося ў Менску 2 лістапада. Акцыя была арганізаваная Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыяй БНФ і Партыяй БНФ “Адраджэньне”. Актывісты першай сабралі сваіх прыхільнікаў на бульвары Талбухіна, ля станцыі мэтро “Парк Чалюскінцаў”, другой – ля станцыі мэтро “Усход”. Паколькі рух адной калёны пачаўся ў 11.30, а другой праз паўгадзіны, яны злучыліся ў раёне станцыі мэтро “Усход” і далей рушылі разам у бок урочышча Курапаты па маршруце праспэкт Францыска Скарыны – вуліца Кастуся Каліноўскага – Сядых – Карбышава – Гамарніка - вуліца Мірашнічэнкі. Удзельнікі акцыі несьлі плякаты з лёзунгамі “Ушануем ахвяраў Курапатаў”, “Курапаты - беларускі народны мэмарыял", "Не дапусьцім паўтору расейскага тэрору!” і г.д.
У Курапатах абедзьве партыі правялі мітынгі: з 13.00 да 14.30 - Партыя БНФ, з 14.30 да 17 гадзін – КХП-БНФ. За некалькі дзён да Дзядоў шэсьць актывістаў партыі КХП-БНФ зь Нясьвіжу (Менская вобласьць) устанавілі ва ўрочашчы крыж, выраблены на ахвяраваньні гараджанаў. А прадстаўнікі Партыі БНФ узьвялі ў Курапатах крыж-капліцу з іконай Маці Божай Курапацкай усіх бязьвінна расстраляных. Яе аўтарам зьяўляецца вядомы беларускі мастак Аляксей Марачкін. Гэтая праца не зьяўляецца кананічнай, хаця абапіраецца на традыцыі ўніяцкага іконапісу. На ёй выяўлена Мадона ў сьлязах зь беларускім вышытым ручніком у левай руцэ на фоне курапацкіх сымбаляў – крыжоў і соснаў. У Курапатах ікона будзе асьвечаная і перададзеная ў адзін з уніяцкіх храмаў, а паменшаная ў два разы яе рэпрадукцыя будзе зьмешчаная ў рамку пад шкло і ўсталяваная ў крыжы-капліцы вышынёй 2,5 мэтры. Крыж выраблены ў традыцыях беларускага народнага дойлідзтва вядомым майстрам менчуком Сяргеем Клешчуком, які ў свой час стварыў курапацкі Крыж Пакутаў. У будучым плянуецца выдаць мастацкую паштовую картку з выявай іконы Маці Божай Курапацкай усіх бязьвінна расстраляных. Ідэя стварэньня гэтай іконы, як і раней напісанай іконы Маці Божай Чарнобыльскай, належыць лідэру КХП-БНФ Зянону Пазьняку. Першая акцыя ў гонар ушанаваньня Дзядоў прайшла ў Курапатах 15 гадоў таму. Яна была наладжана моладзевымі аб’яднаньнямі “Талака” і “Тутэйшыя” і адыграла важную ролю ў гісторыі кріны. Тады на мітынг у Курапаты прыйшлі дзясяткі тысяч людзей. Нягледзячы на тое, што міліцыя прымяняла супраць іх газы і арышты, на думку старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, гвалтоўны разгон “Дзядоў” “абурыў сумленных людзей, якія пасьля гэтых падзеяў сталі іншымі – гатовымі да барацьбы”.