Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускія кандытары абараняюцца ад расейскай экспансіі 16:49, 04/11/2002
Актыўная экспансія кандытарскіх прадпрыемстваў Расеі на беларускі рынак стварае значную канкурэнцыю для айчынных вытворцаў. За 9 месяцаў сёлетняга году, у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага, аб’ём продажу кандытарскіх вырабаў беларускіх фабрык скараціўся: “Спартака” – на 10 адсоткаў, “Камунаркі” – на 17,7 адсоткі, “Чырвонага мозырца” – на 6 адсоткаў.
Пра гэта заявіла генэральны дырэктар кандытарскай фабрыкі “Спартак” Людміла Сусіда 1 лістапада ў Менску на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай праблемам вытворчасьці й збыту кандытарскай прадукцыі, перадае БелаПАН. Абвастрэньне канкурэнцыі з боку расейскіх вытворцаў, паведаміла Л.Сусіда, ”падштурхнула” беларускія фабрыкі да ідэі аб’яднаньня ў холдынг, у склад якога мяркуецца ўключыць таксама некалькі сыравінных прадпрыемстваў і банкаўскую структуру. Ідэя стварэньня холдынгу інцыянаваная канцэрнам “Белдзяржхарчпрам”. Такое аб’яднаньне, лічыць Л.Сусіда, дазволіць кандытарскім прадпрыемствам набываць сыравіну па аднолькавым кошце і праводзіць адзіную цэнавую палітыку. Айчынныя прадпрыемствы змогуць кантраляваць 42-43 адсоткі беларускага рынку. Дарэчы, не дачакаўшыся стварэньня холдынгу, “Спартак” і “Камунарка” ўжо дамовіліся аб падзяленьні асартыменту цукерак, дапамагаюць адзін адному сыравінай. Што тычыцца сытуацыі непасрэдна на фабрыцы “Спартак”, якая выпускае 40 адсоткаў ад агульнага аб’ёму вытворчасьці кандытарскіх вырабаў у Беларусі, то, як заявіла генэральны дырэктар, галоўнай праблемай прадпрыемства застаюцца неплацяжы за пастаўленую прадукцыю, перш за ўсё, з боку спажыўкаапэрацыі. У агульным аб’ёме 7-мільярднай дэбіторскай запазычанасьці фабрыкі пратэрмінованая запазычанасьць складае 3,2 мільярды рублёў. “Выжыць” у такіх умовах дапамагае толькі “сталы таварны крэдыт у выглядзе сыравіны” ад амэрыканскага інвэстара, заявіла Л.Сусіда. Паводле ейных словаў, 40 адсоткаў прадукцыі “Спартака” экспартуецца ў Расею, ЗША, Вялікабрытанію, Чэхію, краіны Балтыі й Нямеччыну. Зараз на фабрыцы рыхтуюць да адпраўкі першы кантэйнэр прадукцыі для ізраільскіх спажыўцоў. Агульны аб’ём экспарту складае 1,2 мільёны даляраў ЗША ў месяц. 15 лістапада на прадпрыемстве будзе ўведзены ў строй новы апарат па ўпакоўцы цукерак “Асарці”, а ў будучым годзе плянуецца набыць новую лінію па вытворчасьці цукерак. Як сьцьвярджае генэральны дырэктар фабрыкі, “гэта стане “ноў-хаў” у кандытарскай прамысловасьці для беларускага й расейскага рынкаў”.