Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
“Савет рэспублікі” ўхіліўся ад разгляду праблемы палітычных зьнікненьняў у Беларусі 16:10, 05/11/2002
У Беларускі Гэльсынскі камітэт трапіў адказ Сталай камісіі “савету рэспублікі” па заканадаўству й дзяржаўным будаўніцтве, якая па даручэньні старшыні “савета рэспублікі” Аляксандра Вайтовіча разгледзіла зварот БГК. Камітэт прасіў “савет рэспублікі” запатрабаваць ад кіраўнікоў МУС, КДБ справаздачу, а ад пракурора – поўную і дакладную інфармацыю аб выніках расьследаваньня справаў аб гвалтоўных зьнікненьнях Юры Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага. БГК таксама прасіў стварыць часовую камісію для правядзеньня парлямэнцкага расьсьледаваньня палітычна матываваных зьнікненьняў. Старшыня камісіі М.Андрэйчык у сваім адказе адзначыла, што ўзьнятая БГК праблема не знаходзіцца ў кампэтэнцыі “савету рэспублікі”.
Між тым, артыкул 59 Канстытуцыі абавязвае дзяржаўныя органы прымаць меры для абароны правоў і свабод асобы. Урад забясьпечвае выкананьне Канстытуцыі й законаў (арт.107 Канстытуцыі) і адказны перад парлямэнтам (арт.106 Канстытуцыі). Парлямэнт ажыцьцяўляе кантроль за дзейнасьцю пракуратуры (арт.11 Закона “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь”). Кампэтэнтнасьць парлямэнту дасьледаваць пытаньні законнасьці пацьвярджаецца і яго дзеяньнямі: дэпутацкім запытам да Генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь В.Шэймана пра ход расьсьледаваньня крымінальных справаў аб зьнікненьні вядомых беларускіх дзеячоў, а таксама сумеснымі слуханьнямі абедзьвюх палат “нацыянальнага сходу” аб стане законнасьці. Аднак на слуханьні не зьявіліся ні Генэральны пракурор, ні міністар унутраных справаў, ні старшыня КДБ, чым і прадэманстравалі поўную непавагу да Канстытуцыі, Парлямэнта, і нежаданьне вырашыць узьнятую праблему. Беларускі Гэльсынскі камітэт канстатуе, што “савет рэспублікі” ўхіліўся ад разгляду па сутнасьці пытаньня законнасьці ў справах аб гвалтоўных зьнікненьнях і паказаў кан’юктурнае імкненьне не ажыцьцяўляць прадугледжаныя Канстытуцыяй і законам функцыі.