Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ізаляваны Чыгір 15:53, 06/11/2002, Аляксандар Барнатовіч, “БДГ”
У пятніцу 1 лістапада Менскі гарадзкі суд у касацыйнай вытворчасьці разгедзіў скаргу былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхала Чыгіра, які 23 ліпеня сёлетняга году быў прызнаны віноўным ва ўхаваньні падаткаў і нядбайнасьці. Як і чакала абарона падсуднага, яго скарга незадаволеныя, а вырак суда Фрунзенскага раёну сталіцы – бяз зьменаў.
У выніку з 1 лістапада афіцыйна ўступіў у сілу прысуд, згодна якому былы кіраўнік беларускага ўраду 5 гадоў ня здолее балятавацца нават у дэпутаты мясцовага Савету, ня кажучы ўжо пра ўдзел у парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах. Нагадаем, што крымінальны перасьлед былога прэм’ера пачаўся ў 1999 годзе – практычна пасьля таго, як Міхаіл Чыгір пагадзіўся ўдзельнічаць у аб’яўленых апазыцыяй выбарах прэзыдэнта РБ. Аляксандар Лукашэнка публічна заявіў, што Чыгір злачынца, і вясной 1999 году экс-прэм’ер быў узяты пад варту і зьмешчаны ў сталічны СІЗА. 23 ліпеня 2002 году завяршыўся судовы працэс па справе Міхаіла Чыгіра ў судзе Фрунзенскага раёну сталіцы. Былы прэм’ер-міністар быў прызнаны віноўным у зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных арт.428 ч.1 КК РБ ("Службовая нядбайнасьць”), а таксама арт.1601 ч.2 КК РБ 1960 году ( “Ухаваньне, заніжэньне прыбытку й даходаў”). На думку суда, у выніку нядбайнасьці Чыгіра “Белаграпрамбанку”, дзе экс-прэм’ер некалі займаў пасаду старшыні праўленьня, быў нанесены ўрон на 1 млн.40 тыс. даляраў. Абодва эпізоды тычацца будаўніцтва так і непабудаванага новага адміністратыўнага будынка банка. У 1993-1994 гг. “Белаграпрамбанк” пачаргова заключыў кантракты на будаўніцтва спачатку з чэскай, а пасьля з канадзкай кампаніямі, якія атрымалі ў свой даход адпаведна 40 тыс. і 1 млн.даляраў. Гэтыя грошы, па сутнасьці, былі выкінутыя на вецер, бо будаўніцтва практычна і не пачыналася. Суд прызнаў Чыгіра віноўным, але з-за сыходу тэрмінаў даўнасьці ад адказнасьці яго вызваліў. Суд таксама прызнаў Міхаіла Чыгіра віноўным ва ўхіленьні ад уплаты падаткаў на суму прыблізна ў 66 тыс.даляраў за час яго працы ў маскоўскім прадстаўніцтве нямецкай кампаніі “Гея” ў 1998-1999 гг. Былы прэм’ер-міністар быў асуджаны да 3 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады. Міхаілу Чыгіру забаранілі таксама 5 гадоў займаць якія-небудзь пасады, зьвязаныя з выканаўча-разьмеркавальнымі і адміністратыўна-гаспадарчымі функцыямі. Такім чынам, на афіцыйную палітычную дзейнасьць асуджанага як аднаго зь лідэраў апазыцыі ўлады на доўгі пэрыяд наклалі мараторый. Рашэньне суда ня стала нечаканасьцю для Міхаіла Чыгіра. Яшчэ ў ліпені ён казаў карэспандэнту “БДГ”, што свае надзеі на апраўданьне ўскладае выключна на Вярхоўны суд, на які ня так і проста націснуць і які можа праявіць незалежнасьць.