Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Разьлік за расейскі газ і беларускія паслугі па сусьветных коштах будзе не на карысьць Беларусі 12:04, 11/11/2002, http://www.abnews.ru
Кіраўніку Беларусі прасьцей плаціць за расейскі газ па сусьветных коштах, якія вагаюцца ад 110 дал. да 130 дал. за 1 тыс. куб. м, калі ён ня згодны на 35 дал. за 1 тыс. куб. м. Да такой высновы прыходзяць аналітыкі, назіраючы працяг “палітыка-эканамічнай дыскусіі”, зьвязанай з 50%-ым скарачэньнем паставак расейскага газу ў Беларусь па зацьверджаных лімітах з коштам у 24 дал. за 1 тыс. куб. м, што адпавядае ўнутрырасейскаму тарыфу на лімітны газ.
На паседжаньні беларускага ўраду Аляксандар Лукашэнка 6 лістапада зрабіў вельмі жорсткія заявы і, верагодна, разьлічвае на рэакцыю расейскай палітычнай эліты. Лукашэнка запатрабаваў ад Масквы плаціць па сусьветных коштах за паслугі Беларусі па “мытне і мяжы”. Кіраўнік краіны таксама падкрэсьліў, што Менск мае права выставіць рахунак “Газпрому” на суму тых ільгот, якія былі дадзеныя пры будаўніцтве газапроваду “Ямал-Эўропа” ў памеры 500 млн. даляраў. Аднак, правядзем элемэнтарны арыфметычны разьлік. У выпадку аплаты расейскага газу па сусьветных коштах беларускім бокам, разьліковая даплата толькі за 2002 год пры гадавым спажываньні ў межах 16 млрд. куб. м газу ацэньваецца болей чым у 1,2 млрд. дал. Адзначым таксама, што ўнутры Расеі для арганізацыяў і прадпрыемстваў, незалежна ад віда ўласнасьці, дзейнічае адзіны парадак падачы газу па зацьверджаным ліміце. Так, спажывец, які перабраў ліміт газу па кошце ў 24 дал. за 1 тыс. куб. м, атрымоўвае па дадатковым пагадненьні газ ужо па кошце з каэфіцыэнтам у 1,5, за 35-36 дал. за 1 тыс. куб. м. Нагадаем, што 25 кастрычніка ў інтэрвію карэспандэнту АБН намесьнік старшыні праўленьня ААТ “Газпром” Аляксандар Разанаў адзначыў, што “вынікі нашых нядаўніх перамоваў з прадстаўнікамі Беларусі маюць сумны характар. Беларусы ня толькі ня плоцяць, але і перабіраюць аб’ёмы газу. Так, за 9 месяцаў яны перабралі 1,5 млрд.куб.м газу”. Паводле словаў Разанава, калі павялічыць аб’ём паставак лімітаванага газу ў Беларусь, то “Газпром”, паводле Рзанава, ніколі не адмаўляў беларускім партнёрам у дапамозе для пошуку незалежных пастаўшчыкоў газу.