Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сёньня ў МЗС Беларусі былі запрошаныя кіраўнікі дыпляматычных місіяў краін-удзельніц НАТО, акрэдытаваных у Беларусі. У сувязі з самітам Рады Эўра-Атлантычнага партнёрства і магчымым удзелам у ім дэлегацыі Беларусі на вышэйшым узроўні, намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Сычоў паведаміў кіраўнікам дыпляматычных місіяў дзяржаваў-удзельніц НАТО наступную пазыцыю: прыняцьце рашэньня аб непажаданасьці ўдзелу дэлегацыі Беларусі ў саміце СЕАП “будзе сьведчыць аб працяглай практыцы “падвойных стандартаў” і прымяненьні НАТО выбарачнага падхода да дзяржаваў-членаў СЕАП”.
Газавы канфлікт паміж Менскам і Масквой часова спынены. Беларусь зьмірылася з тым, што да канца году ёй давядзецца закупаць газ па камэрцыйных коштах у “Итеры”. Прэзыдэнт кампаніі Ігар Макараў сказаў, што “Итера” прапануе Беларусі набываць газ прыкладна па 40 даляраў за 1000 куб. м. Да дэмаршу Лукашэнкі беларускія чыноўнікі спрабавалі зтаргавацца з “Міжрэгіёнгазам” па кошце 32 дал. (“дачка” “Газпрому” настойвала на 35 дал.). Але цяпер Беларусь загнаная ў кут і, напэўна, прыме ўмовы “Итеры”. Закупаючы газ у “Итеры” па 40 дал. за 1000 куб. м, а не ў “Газпроме” па 24 дал., Беларусі давядзецца заплаціць дадаткова 27,2 млн. даляраў.
Чэскія СМІ напярэдадні паседжаньня НАТО пішуць, што менавіта кіраўніцтва Паўночнаатлянтычнага альянсу не хацела б бачыць у Празе прэзыдэнтаў Украіны й Беларусі. Леаніда Кучму ЗША і НАТО падазраваюць у продажы Іраку радараў “Кальчуга”, нежаданьне бачыць Аляксандра Лукашэнку тлумачыцца тым, што ён не зьяўляецца дэмакратычна абраным прэзыдэнтам. На пытаньне журналістаў, ці прыедуць у Прагу кіраўнікі Ўкраіны й Беларусі, Генсэк НАТО Джордж Робертсан сказаў: “Тэарытычна яны могуць прыехаць”. Адмаўляць у візе Лукашэнку фактычна даручылі ў Празе, лічаць чэскія СМІ і мяркуюць, што і Кучма, і Лукашэнка, хутчэй за ўсё, візы атрымаюць, але МЗС Чэхіі папярэдзіў, што гэтыя асобы могуць сутыкнуцца з байкотам з боку іншых удзельнікаў саміту.
Міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў уручыў Часоваму давераннаму ў справах Чэхіі ў Менску Алешу Фойціку памятную запіску, у якой адзначаецца, што Беларусь будзе разглядаць адмову Чэскай Рэспублікі выдаць візы беларускай дэлегацыі для ўдзелу ў саміце Рады Паўночнаатлянтычнага партнёрства як крок, накіраваны на падрыў двухбаковых адсносінаў.
Насьпявае сэнсацыя: беларускі прэзыдэнт - за адным сталом з заходнімі лідэрамі. І хаця на саміт НАТО, які павінен адбыцца ў Празе 20 лістапада, Аляксандра Лукашэнку ніхто не запрашаў, адмовіць яму няма фармальных падставаў: Беларусь зьяўляецца членам Рады Паўночнаатлянтычнага партнёрства. Гэта кансультацыйны орган, і любая з больш чым 40 краін прысутных там, можа (але не абавязаная; Пуцін, напрыклад, у Прагу ня едзе) удзельнічаць у абмене думкамі па праблемах сусьветнай бясьпекі.
Былы віцэ-прэм’ер Украіны Юлія Цімашэнка ведае, як навесьці парадак у краіне. Ва ўсялякім выпадку яна так сьцьвярджае. Зараз галава апазыцыі, ініцыятар акцыі “Украіна бяз Кучмы” рыхтуе новыя масавыя выступы суайчыньнікаў, якія патрабуюць сыходу прэзыдэнта і датэрміновых выбараў. Цімашэнке, чые рэйтынгі стала растуць, якую падтрымліваюць і правыя, і левыя, прарочаць вышэйшую дзяржаўную пасаду. У інтэрвію карэспандэнту “Известий” Яніне Сакалоўскай Юлія Цімашэнка распавяла пра тое, якой яна бачыць Украіну бяз Кучмы.
Вядомага тэлевядучага Віктара Шэндэровіча зьбіраліся звольніць з тэлеканала ТВС. Пра гэта ён паведаміў у сёньняшнім інтэрвію газэце “Известия”. Паводле ягоных словаў, улады былі незадаволеныя апошняй праграмай “Бесплатный сыр”, дзе размова ішла пра трагічныя падзеі ў “Норд-Осьце”. Шэндэровіч кажа, што пасьля гэтага аднаго з акцыянэраў ТВС – Чубайса – выклікалі ў Крэмль.
У аўторак у Дзяржаўнай думе ў часе парлямэнцкіх слуханьняў па канцэпцыі расейска-беларускай інтэграцыі прагучалі заявы, якія могуць даць разьвіцьцё скандалу з пастаўкамі газу ў Беларусь.
Адзін з актывістаў Беларускай партыі свабоды Зьміцер Каўко асуджаны судом Савецкага раёну гораду Менску да адміністратыўнага арышту тэрмінам на 7 сутак. Яго затрымалі ноччу з 6 на 7 лістапада ля ўрочышча Курапаты ў раёне Менскай кальцавой дарогі, дзе ён і яшчэ некалькі актывістаў БПС спрабавалі нанесьці на шумаабарончую заслону дарогі графіці: “Лукашэнка, ушануй Курапаты!” і іншыя.
Ленінскі РАУС гораду Горадні аднавіў службовае расьследаваньне па факту распаўсюджваньня ў сетцы інтэрнэт газэты «Пагоня». “Пракуратура ўказала нам на шэраг абставінаў, якія мы ўпусьцілі падчас расьсьледаваньня, -- сказаў БелаПАН начальнік Ленінскага РАУС Ўладзімер Сычэўскі. – Мы зноў атрымалі гэтую справу на дасьследаваньне”.
11 лістапада, прыкладна а 13 гадзіне, у памяшканьне рэклямнага аб’яднаньня “АлВіт”, разьмешчанага па вуліцы Чкалава ў Менску, прыбылі супрацоўнікі міліцыі. Яны затрымалі генэральнага дырэктара аб’яднаьня Віталя Шахлевіча і блякавалі памяшканьне фірмы. Вобшук і допыты дваццаці супрацоўнікаў пачаліся толькі праз чатары гадзіны пасьля прыбыцьця.
Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Дражын заявіў, што Ірак у асобе Беларусі мае “самага надзейнага партнёра” па ўсіх накірунках сумеснай дзейнасьці. Як перадае карэспандэнт РIА "Новости", такую заяву Дражын зрабіў, прымаючы міністра аховы здароўя Іраку доктара Умаіда Мубарака, які завяршае афіцыйны пяцідзённы візыт у Менск.
Лідэр Саюзу правых сілаў і яго парлямэнцкай фракцыі Барыс Нямцоў накіраваў у Савет міністраў Беларусі скаргу на дзеяньні беларускага КДБ, у выніку якіх 23 кастрычніка ён быў дэпартаваны зь Менску ў Расею як пэрсона нон-грата.
У Берасьці затрыманы начальнік міжраённага аддзелу па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю пры УУС Берасьцейскага аблвыканкаму маёр міліцыі Аляксандар Канцэвіч.
Былы сьпікер Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб, які больш за трыццаць гадоў аддаў службе ў міліцыі, ня лічыць арышт высокапастаўленага міліцыянта зь Берасьця праявай сур’ёзнай барацьбы з карупцыяй і злачыннасьцю ў шэрагах праваахоўчых органаў. Паводле Мечыслава Грыба, арышт кіраўніка берасьцейскага Камітэту па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі спадара Канцэвіча, як і нядаўняе адхіленьне ад пасады намесьніка міністра ўнутраных справаў Леаніда Глухоўскага, ня сьведчаць пра больш прынцыповае стаўленьне ўлады да карупцыі.
Судовыя слуханьні па справе былога начальніка Беларускай чыгункі Віктара Рахманько пачнуцца 14 лістапада ў Вярхоўным судзе рэспублікі. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэсавай службе суда, Віктару Рахманько прад’явілі абвінавачваньне ў зьдзяйсьненьні 15 злачынстваў. Былы кіраўнік БЧ абвінавачваецца, у прыватнасьці, у крадзяжы, а таксама ў атрыманьні хабару.
Сьпікер Дзяждумы Генадзь Селязьнёў намераваецца наведаць 18 лістапада Менск і сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта старшыня ніжняй палаты расейскага парлямэнту заявіў у панядзелак на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве.
У ноч на 7 лістапада – напярэдадні чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі - невядомыя аблілі фарбай помнік У.І.Леніну ў Полацку (Віцебская вобласьць).
Апошнімі месяцамі Злучаныя Штаты і Эўропа сталі ўсё больш адкрыта выказвацца адносна парушэньняў правоў чалавека ў краінах Сярэдняй Азіі, а ў адказ рэгіянальныя лідэры пачалі публічна супраціўляцца гэтаму ціску.
Больш за 300 грамадзян Расеі – нараджэнцаў Чачэніі знаходзяцца ў раёне берасьцейскай мытні, паведамляе інфармацыйнае агенцтва "Интерфакс" са спасылкай на прэсавы цэнтар дзяржкамітэту памежных войскаў Беларусі. “З 26 кастрычніка, у сьвятле падзеяў з захопам закладнікаў у Маскве, польскія памежнікі перасталі прапускаць на сваю тэрыторыю асоб чачэнскай нацыянальнасьці”, - удакладнілі ў прэсавым цэнтры.
На бабруйскім прадпрыемстве ЗАТ “Бабруйскмэбля” знайшлі замену прыроднаму газу. Адзін з катлоў у заводзкай кацельні, які раней працаваў на мазуце, а затым на блакітным паліве, чатыры гады таму пераабсталявалі пад дравеснае паліва. У справу пайшлі адходы ўласнай вытворчасьці – лесапільні і дрэваапрацоўкі. У вяснова-летне-восеньскі сэзон, калі спыняецца ацяпляльны пэрыяд, дравесны кацёл цалкам забясьпечвае патрэбы вытворчасьці. Больш за тое, пардпрыемства падае ваду і цяпло ў інтрэнат, чацьвёртую гарадзкую паліклініку, падразьдзел УУС і іншым арганізацыям.
Такую выснову можна зрабіць з інфармацыі Міждзяржаўнага статыстычнага камітэту СНД аб тэмпах росту тарыфаў на асобныя віды камунальных паслуг у шэрагу краін Садружнасьці ў студзені-верасьні 2002 году.
Завяршаецца 2002 год і адным з пытаньняў, вынесеных на апошняе паседжаньне Менгарвыканкаму, стала падсумаваньне вынікаў працы прадпрыемстваў беларускай сталіцы за мінулыя месяцы. На жаль, ня ўсе зь іх забясьпечылі выкананьне прагнозных паказчыкаў за студзень – верасень 2002 году. Такіх у Менску 21 адсотак, зь іх больш за палову, відавочна, стратныя. У “чорны сьпіс” трапілі МТЗ, ААТ “Алеся”, СП “Ле Гранд”, “Чаўляр” і іншыя. На гэтых прадпрыемствах рэзка зьніжаюцца аб’ёмы вытворчасьці. Прычыны – затаварваньне складаў прадукцыяй, яе нізкая канкурэнтаздольнасьць. Апошняе выклікана зусім не высокім коштам, пра што так шмат кажуць вытворцы, а ўзроўнем якасьці.
На 1 лістапада ў Гомельскім рэгіянальным цэнтры па працаўладкаваньні насельніцтва зарэгістраваныя 8425 беспрацоўных гомельцаў. Сярод іх 68,7 адсоткі - жанчыны, 4,8 – моладзь ва ўзросьце да 18 гадоў і 47,4 адсоткі – моладзь ва ўзросьце да 29 гадоў; 70,3 адсоткі беспрацоўных маюць сярэднюю і няпоўную сярэднюю адукацыю. Сёлета ўзровень беспрацоўя ў Гомлі складае 2,16 адсоткі (на пачатак году - 2,09 адсоткі).