Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Селязьнёў абмяркуе з Лукашэнкам “выключна гаспадарчы канфлікт” 10:41, 12/11/2002
Сьпікер Дзяждумы Генадзь Селязьнёў намераваецца наведаць 18 лістапада Менск і сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта старшыня ніжняй палаты расейскага парлямэнту заявіў у панядзелак на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве.
Як перадае карэспандэнт РІА "Новости", Селязьнёў адзначыў, што ён, у прыватнасьці, зьбіраецца паразмаўляць з кіраўніком Беларусі пра “выключна гападарчы канфлікт”, зьвязаны з абмежаваньнем паставак расейскага газу ў гэтую краіну. Сьпікер Дзярждумы лічыць, што праблема, зьвязаная з пастаўкамі газу ў Беларусь, “зьяўляецца спрэчкай гаспадарчых суб’ектаў”. Камэнтуючы рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі на абмежаваньне паставак газу ў Беларусь, Генадзь Селязьнёў назваў яе “эмацыйным выбухам”. Ён выказаў упэўненасьць у тым, што “адносіны Лукашэнкі да Расеі не памяняліся”. Генадзь Селязьнёў плянуе таксама правесьці ў Менску кансультацыі па стварэньні міжпарлямэнцкай камісіі па падрыхтоўцы канстытуцыйнага акту “саюзнае дзяржавы”. Акрамя таго, паводле ягоных словаў, ён зьбіраецца абмеркаваць з Лукашэнкам ход падрыхтоўкі да Парлямэнцкага слуханьня “саюзу” Беларусі й Расеі ў Санкт-Пецярбургу, заплянаванага на 9 сьнежня. У прыватнасьці, сказаў сьпікер, будуць абмяркоўвацца праблемы “саюзнага” бюджэту. “Беларусь пакуль ходзіць у даўжніках”, - нагадаў Селязьнёў. Кажучы пра нядаўнюю высылку зь Беларусі лідэра фракцыі СПС у Дзярждуме Барыса Нямцова, Генадзь Селязьнёў назваў гэта “непаразуменьнем і ня вельмі добрай самой па сабе гісторыяй”. Ён нагадаў, што Барыс Нямцоў прыбыў тады ў Беларусь “як прыватная асоба, якая адмыслова на гэты дзень узяла ў Дзярждуме адгул”. Генадзь Селязьнёў у гэтай сувязі параіў лідэрам палітычных партыяў “паводізць сябе акуратней адносна кіраўнікоў замежных дзяржаваў”.