Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Дзярждуме Расеі пройдуць слуханьні па пытаньні палітычных зьнікненьняў у Беларусі 10:53, 12/11/2002
Сёньня ў расейскім парлямэнце пройдуць слуханьні па пытаньні зьнікненьняў вядомых у Беларусі палітыкаў. Калі ўлічваць, што мерапрыемства будзе праходзіць на фоне “газавай атакі”, абмеркаваньне гэтай тэмы можы быць успрынята афіцыйным Менскам як форменны зьдзек. Тым больш, што слуханьні будуць праходзіць у не зусім афіцыйным фармаце. Іх арганізатарамі выступілі дэпутаты правага крыла расейскага парлямэнту, у прыватнасьці, фракцыя СПС. Удзельнікамі слуханьняў зь беларускага боку стануць прадстаўнікі беларускай апазыцыі.
Учора ў Маскву для ўдзелу ў мерапрыемстве выехалі лідэр АГП Анатоль Лябедзька, ягоны намесьнік па партыі Яраслаў Раманчук, які займаўся непасрэдна арганізацыяй слуханьняў зь беларускага боку. Акрамя іх у слуханьнях, як мяркуецца, будуць прымаць удзел ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч, намесьнікі старшыні АГП Васіль Шлындзікаў, Аляксандар Дабравольскі, старшыня ПКБ Сяргей Калякін, старшыня жаночай партыі “Надзея” Валянціна Палевікова, дэпутаты “палаты прадстаўнікоў” Валеры Фралоў і Юры Марозаў, палітолягі Леанід Чыгір і Павал Казлоўскі, а таксама група журналістаў. Акрамя таго, на слуханьнях будуць прысутнічаць жонкі зьніклых апазыцыянэраў Ірына Красоўская і Сьвятлана Завадзкая. Гэтае мерапрыемства можна расцэньваць як акцыю па прыцягненьні ўвагі да праблемы палітычных зьнікненьняў ня толькі беларускай, але і расейскай грамадзкасьці. Спадзявацца на тое, што яно будзе мець нейкі вынік, вядома, не прыходзіцца. Да і якія-небудзь новыя падрабязнасьці расьсьледаваньня гучных справаў расейскія парлямэнтары наўрадці пачуюць. Але ў тым, што слуханьні будуць мець пэўны палітычны эфэкт, няма сумневаў. Як лічыць прадстаўнік АГП Міхаіл Пліска, іх вынікам можа стаць стварэньне адмысловай камісіі зь ліку расейскіх спэцыялістаў для расьсьледаваньня зьнікненьняў. Думцы ведаюць пра гэтыя справы і, паводле Пліскі, гатовыя аказаць падтрымку тым, хто зацікаўлены ў іх расьсьледаваньні. Улетку сёлетняга году лідэры буйнейшых фракцыяў расейскага парлямэнту пасьля візыту да сваякоў зьніклых ужо зьвярталіся да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна з просьбай зьвярнуць увагу на праблему. Нагадаем, што менавіта расейскі парлямэнтар Сяргей Кавалёў ачоліў створаную нядаўна адмысловую камісію Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая мае намер дабівацца адмысловага расьсьледаваньня гучных палітычных зьнікненьняў у Беларусі. Разгляд гэтай праблемы ў Дзярждуме можа толькі пасадзейнічаць місіі С.Кавалёва. Вядомы беларускі праваабаронца Гары Паганяйла лічыць, што “пра праблему расьсьледаваньня справаў, зьвязаных са зьнікненьнямі, сёньня адкрыта кажа толькі незалежная беларуская прэса, кола чытачоў якой, на жаль, не такое вялікае”. “Застаецца спадзявацца, што такія мерапрыемствы здолеюць зьвярнуць увагу ня толькі расейцаў, але і нейкай частцы беларускага грамадзтва на тое, што адбываецца ў Беларусі,” – сказаў ён у інтэрвію “БДГ”.