Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прадстаўнікі Ірыны Красоўскай сустрэліся з кіраўніком МУС Навумавым 10:46, 14/11/2002
Сустрэча прадстаўнікоў Ірыны Красоўскай – юрыстаў БХК Гары Паганяйлы і Алега Гулака - зь міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым адбылася ўчора ў Менску. Сустрэча праходзіла ў рамках папярэдняй дамоўленасьці паміж Ірынай Красоўскай і кіраўніцтвам МУС аб асабістай размове зь міністрам адносна факту гвалтоўнага зьнікненьня ейнага мужа Анатоля Красоўскага, а таксама Віктара Ганчара, паводле якога распачатая крымінальная справа і вядзецца расьследаваньне пракуратурай г.Менску.
У часе размовы былі выкладзеныя зьвесткі, атрыманыя адвакатам Гары Паганяйлы і Ірынай Красоўскай ад Алега Алкаева пры іх асабістай сустрэчы ў Бэрліне 13-14 кастрычніка 2002 г. Са згоды Алега Алкаева ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам аб адвакатуры размова задакумэнтаваная шляхам вытворчасьці відэазапісу. Былы начальнік СІЗА-1 УУС Менаблвыканкаму Алкаеў падрабязна выклаў абставіны перадачы 6 траўня і 16 верасьня 1999 г. службовым асобам МУС “расстрэльнага” пісталета з боепрыпасамі па запатрабаваньні дзейнага міністра МУС В.Сівакова, абставіны падачы рапарту ад 23 лістапада 2000 г. на імя міністра МУС У.Навумава, канфіскацыі органамі сьледзтва і наступнага вяртаньня пісталета ПБ-9 з маркіроўкай № РО57С з прыглушальнікам і кнігі выдачы зброі і боепрыпасаў асабістаму складу. У сваім аповедзе Алкаеў зьвярнуў асаблівую ўвагу на тое, што згаданы рапарт ён падаў па просьбе Навумава. У той самы час такі рапарт на імя Навумава быў пададзены й намесьнікам міністра МУС Мікалаем Лапацікам. У ім Лапацік паведаміў, што ён атрымаў інфармацыю аб датычнасьці да гвалтоўных зьнікненьняў і магчымай фізычнай ліквідацыі Юры Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага байцоў і афіцэраў САХР па ўказаньні Віктара Шэймана і Юры Сівакова. Гэтыя і іншыя дакумэнты, якія сьведчаць аб датычнасьці да цяжкіх злачынстваў Віктара Шэймана і Юры Сівакова і неабходнасьці іх арышту, кіраўнікі сілавых структур (Генэральны пракурор Алег Бажэлка, Старшыня КДБ Ўладзімер Мацкевіч, міністар МУС Ўладзімер Навумаў) неаднаразова падавалі кіраўніку дзяржавы. Гары Паганяйла зьвярнуў увагу міністра на тое, шо аўтары рапартаў указалі на грыф “Звыштаемна”, аднак працэдура прысваеньня такога грыфу і прахаджэньня рэгістрацыі такіх дакумэнтаў ня выкананая, хаця на іх ёсьць адпаведныя ўказаньні (рэзалюцыі) міністра Навумава. Менавіта ў такім выглядзе яны трапілі ў сьледчыя органы. Са словаў Алкаева, кіраўнік сьледчай групы Іван Бранчаль (Пракуратура Рэспублікі Беларусь) па пазапрацэсульным дакумэнце вярнуў Алкаеву кнігу выдачы зброі і боепрыпасаў асабістаму складу СІЗА-1 і пісталет ПБ-9 без афармленьня ў якасьці рэчыўных доказаў і абавязацельстваў захаванасьці (расьпіска Алкаева ад 28.11.2000 г.). Зараз кніга вывезеная за мяжу і знаходзіцца ў Алкаева, а пісталет, які, магчыма, прымяняўся для зьдзяйсьненьня шэрагу злачынстваў, паводле неафіцыйных зьвестак, ліквідаваны. Просьба да дзейнага начальніка СІЗА-1 аб ліквідацыі пісталета сыходзіла ад намесьніка міністра УУС Удовікава. Такім чынам, для сьледзтва стратчаныя важнейшыя ўлікі. Усё гэта адбывалася пры патуральніцтве ці ўдзеле Навумава – кіраўніка апэратыўна-сьледчай групы. Ёсьць зьвесткі, што арыгіналы згаданых вышэй рапартаў, працэсульных дакумэнтаў, якія замацоўваюць доказы датычнасьці вышэйшых службовых асобаў дзяржавы да дадзеных злачынстваў, непасрэдны ўдзел у іх кіраўніка і байцоў САХР, а таксама групы “Алмаз”, якія паслужылі падставай да затрыманьня і арышту Дзьмітра Паўлічэнкі і іншых асобаў, зьліквідаваныя. Прадстаўнікі Ірыны Красоўскай зьвярнуліся да міністра з просьбай садзейнічаць сьледзтву і суду ў вызначэньні аб’ектыўнай праўды па справе, словам пацьвердзіць ці абвергнуць сур’ёзныя падазрэньні адносна яго і шэрагу службовых асобаў МУС, што выцякае зь яго службовага становішча і проста абавязкаў грамадзяніна. Аднак міністар МУС Навумаў адмовіўся зьявіцца на судовыя паседжаньні па справе аб прызнаньні бязь вестак адсутнымі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, прызначанымі да разгляду на 18 і 20 лістапада 2002 г. адпаведна, не пагадзіўся зьявіцца па выкліку органаў сьледзтва. Беларускі Гэльсынскі Камітэт заклікае і іншых грамадзян, службовых асобаў, якім вядомыя абставіны, датычныя да гвалтоўных зьнікненьняў Юры Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага, дапамагчы сьледзтву і суду вызначыць праўду, знайсьці і пакараць вінаватых.