Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ЦВК адмовіўся даць “Вясьне” інфармацыю аб мясцовых выбарах 16:05, 14/11/2002
Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньню рэспубліканскіх рэферэндумаў адмовіла праваабарончаму цэнтру “Вясна” даць для азнаямленьня распрацаваныя інструкцыі аб арганізацыйна-прававых пытаньнях працы ўчастковых камісіяў па правядзеньню выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў.
Як гаворыцца ў паведамленьні для прэсы, распаўсюджаным праваабаронцамі, просьба даць інструкцыі раней была накіраваная ў ЦВК. Адмова матываваная тым, што “мэтадычныя рэкамэндацыі (...) тычацца працы выбарчых камісіяў, і імі будуць забясьпечвацца толькі арганізатары выбараў. Бо грамадзкія аб’яднаньні не арганізоўваюць правядзеньне выбараў, падставаў для забесьпячэньня іх такімі матэрыяламі няма”. Але больш за ўсё “Вясну” зьдзівіла наступная фраза з адмовы ЦВК: “Абгунтаваньне вашай просьбы спасылкай на прынцыпы адкрытасьці і галоснасьці ў дзейнасьці Цэнтральнай камісіі зьяўляецца недарэчным”. Праваабаронцы ўпэўненыя, што інфармацыя, датычная працэдур арганізацыі і правядзеньня выбараў, не зьяўляецца сакрэтнай і не ўтрымлівае дзяржаўнай тайны. Дадзеная інфармацыя закранае інтарэсы кожнага грамадзяніна краіны, і кожны зь беларускіх грамадзян мае права доступу да яе. Грамадзкія ж арганізацыі як суб’ект выбарчага працэсу, згодна артыкулу 22 закону “Аб грамадзкіх арганізацыях”, маюць права бесперашкодна атрымаць інфармацыю, датычную іх дзейнасьці, лічаць праваабаронцы. “Вясна” нагадвае, што на леташніх інструкцыях па працы ўчастковых камісіяў па выбарах прэзыдэнта ўтрымліваліся палажэньні, якія супярэчаць дзейнаму Выбарчаму кодэксу. “Магчыма, прычына адмовы ЦВК даць мэтадычныя матэрыялы ў тым, што яны таксама могуць не адпавядаць выбарчаму заканадаўству”, гаворыцца ў паведамленьні “Вясны”.