Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Менск з трохдзённым візытам прыбыў прадстаўнік маскоўскага бюро Міжнароднай арганізацыі працы Стэн Тофт Пэтэрсан. Візыт праходзіць у рамках праекту МАП па абароне правоў працоўных, разьвіцьцю дэмакратыі і эканамічных рэформаў, які рэалізоўваецца ў Беларусі зь лютага гэтага году, перадае БелаПАН. Пэтэрсан сустрэнецца з прадстаўнікамі розных прафсаюзных аб’яднаньняў рэспублікі, у тым ліку 15 лістапада – з старшынём Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Леанідам Козікам.
Гэта будзе першая сустрэча прадстаўніка МАП з новым кіраўніком ФПБ, абраным на гэтую пасаду ў ліпені сёленяга году. Між тым сам Леанід Козік на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску выказаў незадаволенасьць міжнародным аспэктам дзейнасьці Федэрацыі прафсаюзаў. “Я незадаволены пакуль аб’ёмам гэтай працы, - заявіў ён. – За гэты час я яшчэ ня здолеў знайсьці добрага спэцыяліста, які б займаўся міжнароднымі справамі больш актыўна”. Козік, у прыватнасьці, негатыўна адрэагаваў на нядаўняе рашэньне Міжнароднага саюзу работнікаў харчовай і тытунёвай прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, грамадзкага харчавання і сумежных галін (IUF) выключыць з складу арганізацыі беларускі прафсаюз работнікаў АПК у сувязі зь недэмакратычнай, на думку IUF, зьменай кіраўніцтва гэтага галіновага прафсаюзу. Сташыня ФПБ лічыць, што неабходна больш актыўна інфармаваць міжнародную грамадзкасьць аб дзейнасьці федэрацыі. “Тое, што мы зрабілі за апошнія тры месяцы, іншым прафсаюзам не сьнілася гадамі”, - заявіў Козік, маючы на ўвазе працу па пералічэньні прафсаюзных унёскаў, вяртаньню прафсаюзам уласнасьці і г.д. “Але мы мала пра гэта кажам, не даем інфармацыю міжнародным арганізацыям, і гэта нашая бяда, мы гэта выправім”, - заявіў ён.