Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хвастоў лічыць, што без Беларусі “калінінградзкае пытаньне” ня вырашыць 11:25, 15/11/2002
Пытаньне перасоўваньня грамадзян Расеі з Калінінградзкай вобласьці на матэрыковую частку Расеі “ня вырашанае адэкватным чынам”. Такі пункт погляду, як паведамляе “Медиафакт”, адказваючы на пытаньні журналістаў, у чацьвер у Менску выказаў кіраўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства Міхаіл Хвастоў. Хвастоў перакананы, што праблема ня можа быць вырашаная без удзелу Беларусі, “бо Беларусь зьяўляецца важным транзытным складнікам”. Акрамя таго, міністар мяркуе, што Расея, перш чым заключыць дамову аб рэадмісіі (вяртаньне нелегальных мігрантаў – “МФ”) з Эўразьвязам, павінна заключыць яго зь Беларусяй.
Як лічыць кіраўнік МЗС, паміж Расеяй і ЭЗ яшчэ будуць доўгія перамовы па ўрэгуляваньні праблемы. “Сёньня мы кажам пра тое, што Расея мае ўсе законныя правы, каб забясьпечыць перасоўваньне сваіх грамадзян з адной часткі тэрыторыі дзяржавы ў іншую”, -- адзначыў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства. Пры гэтым міністар падкрэсьліў, што рашэньне дадзенага пытаньня павінна “не закранаць маральныя пачуцьці людзей”. Кажучы пра праблемы саюзнага будаўніцтва паміж Беларусяй і Расеяй галава беларускага МЗСу Хвастоў у чацьвер падчас сустрэчы з журналістамі падкрэсьліў, што Расея застаецца стратэгічным партнёрам Беларусі, аднак “мы прыйшлі да разуменьня неабходнасьці прагматычна адстойваць свае пазыцыі перад расейскім кіраўніцтвам”. Міністар таксама прапанаваў зірнуць на двухбаковыя адносіны Беларусі й Расеі з пункту гледжаньня абароны нацыянальнай бясьпекі Расеі. Ён нагадаў, што “Беларусь зьяўляецца буфернай тэрыторыяй паміж Расеяй і Захадам, насельніцтва якой па-сяброўску ставіцца да Расеі”.