Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Украінскі журналіст знойдзены ў Беларусі павешаным 10:45, 19/11/2002
Міліцыя знайшла ў Беларусі цела дырэктара “Українських Новин” Міхаіла Каламійца, зьніклага ў канцы кастрычніка. Пра гэта паведаміла ў панядзелак агенцтва «Українськие Новины» са спасылкай на начальніка дэпартамэнту крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных справаў Украіны Ўладзімера Еўдакімава.
Паводле ягоных словаў, сьледзтва мяркуе, што Каламіец скончыў жыцьцё самагубствам. Еўдакімаў не распавёў пра іншыя дэталі здарэньня і адзначыў, што зараз міліцыя займаецца арганізацыяй транспартыроўкі цела журналіста на Ўкраіну.
Як паведамлялася раней, 44-гадовы дырэктар “Украинских Новостей” зьнік у канцы кастрычніка. Як кажуць работнікі агенцтва, Каламіец з 21 кастрычніка без тлумачэньняў і папярэджаньняў спыніў кіраваць агенцтвам і не зьяўляўся на працы. Праз тыдзень пасьля гэтага ягоныя калегі з Украінскага агенцтва навінаў выступілі са зваротам да праваахоўчых органаў Украіны. Яны папрасілі правесьці руплівае расьследаваньне і апасаліся, што зьнікненьне Каламійца магло быць зьвязаным зь яго прафэсійнай дзейнасьцю. Паводле дадзеных праваахоўчых органаў, Каламіец выехаў 22 кастрычніка ў Беларусь. Знаходзячыся ў Менску, ён зрабіў шэраг званкоў на Ўкраіну. Апошнія званкі былі зарэгістраваныя 28 кастрычніка. Журналіст патэлефанаваў маці і шэф-карэспандэнту агенцтва і з таго часу больш не выходзіў на сувязь. З 29 кастрычніка да пошукаў рэдактара агенцтва падключыўся Інтэрпол. 44-гадовы Каламіец стварыў Украінскае агенцтва навінаў і валодаў паловай ягоных акцыяў. Калі пацьвердзіцца, што знойдзена менавіта ягонае цела, то гэта будзе трэцяя сьмерць вядомага ўкраінскага журналіста за апошнія два гады. У 2000 годзе зьнік журналіст Георгій Гангадзэ, які займаўся расьследаваньнямі. Яго цела без галавы было знойдзена ў лесе ля Кіеву. Апазыцыя абвінаваціла прэзыдэнта Ўкраіны Кучму ў датычнасьці да гэтага забойства. Кучма адмаўле гэтыя абвінавачваньні. У 2001 годзе да сьмерці быў зьбіты дырэктар тэлекампаніі ў Данецкай вобласьці Ігар Аляксандраў.