Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Зінаіда Ганчар просіць “дэпутатаў” пасадзейнічаць камісіі ПАРЭ ў пошуках ейнага мужа 11:56, 19/11/2002
18 лістапада Зінаіда Ганчар, жонка зьніклага бяз вестак беларускага апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара, зьвярнулася зь лістом да старшыні “палаты прадстаўнікоў” Нацыянальнага сходу Беларусі Вадзіма Папова, ягонага намесьніка Ўладзімера Канаплёва й старшыні камсіі па правох чалавека, нацыянальных зносінах і СМІ Валеры Ліпкіна.
Зінаіда Ганчар нагадвае, што 11 кастрычніка 2002 году старшыня адмысловай камісіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па расьсьледаваньні абставінаў зьнікненьняў па палітычных матывах у Рэспубліцы Беларусь Сяргей Кавалёў накіраваў у беларускі парлямэнт дакумэнт з афіцыйнай інфармацыяй пра пачатак дзейнасьці камісіі і просьбай аб супрацоўніцтве. Нагадаем, што адмысловая камісія на чале з Кавалёвым была створаная камітэтам па прававых пытаньнях і правох чалавека ПАРЭ, перадае БелаПАН. У пасланьні Сяргея Кавалёва ўтрымліваўся шэраг пытаньняў, датычных зьнікненьняў Юры Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадкага: які статус расьследаваньняў па гэтых справах; на якім этапе расьсьледаваньні знаходзяцца; як улады тлумачаць тое, што яны ня здолелі расьсьледаваць зьнікненьні згаданых асобаў; якія меры прадпрымаюцца на дадзены момант для атрыманьня новай інфармацыі аб зьніклых; чым тлумачыцца тое, што слуханьне судовай справы па зьнікненьню апэратара Зьмітра Завадзкага было закрытым. Зінаіда Ганчар, зьвяртаючыся да кіраўнікоў “палаты прадстаўнікоў”, просіць іх выкарыстоўваць усе свае паўнамоцтвы і аказаць максымальнае садзеяньне адмысловай камісіі ПАРЭ ў дзейнасьці па расьсьледаваньні зьнікненьняў, а таксама праінфармаваць усіх “дэпутатаў” аб звароце Кавалёва. Акрамя таго, жонка зьніклага палітыка просіць паведаміць ёй аб выніках абмеркаваньня гэтага звароту ў “нацыянальным сходзе”, пра тое, якія меры прымаюцца парлямэнтам для садзеяньня расьсьледаваньню абставінаў зьнікненьняў, а таксама пра крокі “нацыянальнага сходу” для супрацоўніцтва з адмысловай камісіяй ПАРЭ.