Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Зьвяз турыстычных арганізацыяў непакояць указы Лукашэнкі 13:19, 19/11/2002
Беларускі зьвяз турыстычных арганізацыяў выказвае “скрайнюю закляпочанасьць зьменай дзяржавы да палітыкі разьвіцьця турызму ў Беларусі”. Як адзначаецца ў заяве, прынятай праўленьнем зьвязу, пацьверджаньнем таму служыць указ кіраўніка Беларусі ад 30 верасьня 2002 году, які вызначае новы парадак налічэньня арэнднай платы з суб’ектаў гаспадараньня краіны, перадае БелаПАН.
У адпаведнасьці з указам, турыстычныя прадпрыемствы Беларусі прыроўненыя да высокарэнтабельных прадпрыемстваў – такіх, як установы ігорнага бізнэсу і іншых, і для іх павышаныя каэфіцыэнты ў памеры ад 1,5 да 20 ад базавай стаўкі арэнднай платы. Як адзначаецца ў заяве зьвязу, з пераходам на ўстаноўленыя ўказам стаўкі, памер арэнднай платы павялічваецца па скрайняй меры ў 10-20 разоў. Гэта прывядзе да таго, што прапановы беларускіх турыстычных фірм стануць недаступнымі для спажыўца і цалкам неканкурэнтаздольнымі ў параўнаньні з шырока распаўсюджанымі і больш таннымі прапановамі расейскіх кампаній. “Істотнае павелічэньне сабекошту тураў для беларускіх кампаніяў за кошт новых ставак арэнднай платы практычна цалкам паверне турыстычны паток зь Беларусі ў расейскія кампаніі і пазбавіць нацыянальны бюджэт гэтай часткі падаткавых паступленьняў”, -- упэўненыя прадстаўнікі зьвязу. Каб не дапусьціць гэтага, Беларускі зьвяз турыстычных арганізацыяў зьвярнуўся ў Міністэрства спорту й турызму з прапановай перагледзіць палажэньні ўказу ў частцы, датычнай ставак і каэфіцыэнтаў па арэнднай плаце для турыстычных прадпрыемстваў. Як патлумачыў БелаПАН выканаўчы дырэктар Беларускага зьвязу турыстычных арганізацыяў Аляксандар Капанёў, узровень рэнтабельнасьці турагентаў і турапэратараў вельмі складана разглядаць як высокі. Агульнапрыняты ў турысцкай практыцы механізм коштуўтварэньня дазваляе фарміраваць валавы даход кампаніі ў межах 8-12 адсоткаў ад кошту тура. З лікам выдаткаў, узровень рэнтабельнасьці ў турызьме ня можа пераўзыходзіць 1-3 адсоткаў ад кошту тура. Паводле дадзеных сп.Капанёва, зараз у Беларусі працуе каля 600 турыстычных арганізацыяў.