Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнку пакуль не забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу 15:21, 19/11/2002
Міністры замежных справаў ЭЗ на сустрэчы ў аўторак абмеркавалі магчымую забарону на ўезд у краіны Эўразьвязу Аляксандру Лукашэнку, а таксама 50 членам беларускага кіраўніцтва. Партугальскі міністар замежных справаў заблякаваў праект сваіх калег па ЭЗ аб забароне ўезду у эўрапейскія краіны Лукашэнку і іншым афіцыйным асобам Беларусі, паведамляе сайт NEWSru.com. Партугалія зараз ачольвае Арганізацыю па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе. Між тым, як паведамляе НТВ, міністар замежных справаў Даніі Пэр Сьціг Мелер паведаміў, што абмеркаваньне пытаньня аб санкцыях супраць Беларусі атрымае працяг сёньня, на вячэрнім паседжаньні рады Міністраў ЭЗ.
Як перадае AFP, Лісабон хвалюецца, што адмова на ўезд Лукашэнкі можа зашкодзіць правядзеньню ў пачатку сьнежня ў Порта паседжаньня міністраў краін АБСЭ. Справа ў тым, што павестка дня паседжаньня гэтай арганізацыі павінна быць ухваленая ўсімі яе сябрамі. Разам з тым, яшчэ да таго, як кіраўнікі МЗС ЭЗ вынесьлі свой вэрдыкт, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч, камэнтуючы магчымае рашэньне ЭЗ аб забароне на ўезд, у этыры радыёстанцыі “Эхо Москвы” зазначыў, што “гэта цалкам нармальная, адэкватная рэакцыя” на тое, што адбываецца ў Беларусі. “Эўропа не жадае бачыць неэўрапейскага чалавека на эўрапейскіх мерапрыемствах”, -- дадаў ён. Як заявіў у этыры радыёстанцыі “Эхо Москвы” старшыня СПС Барыс Нямцоў, у кіраўніка Беларусі “ёсьць дастаткова відавочная магчымасьць забясьпечыць сабе бесперашкодны праезд па эўрапейскіх стандартах і ўсяму сьвету – для гэтага ён павінен стварыць умовы для захаваньня правоў чалавека ў Беларусі”. “У выхаваўчых мэтах Эўразьвяз паступае слушна і дакладна”, - так Нямцоў пракамэнтаваў магчымую забарону Лукашэнкі на ўезд у краіны ЭЗ. 15 лістапада МЗС Чэхіі адмовіў Аляксандру Лукашэнку ў выдачы візы. На саміт Рады Эўратлянтычнага патнёрства (РЭАП), які пачнецца 21 лістапада ў Празе, яго не пусьцілі. “У Беларусі адбываецца масавае парушэньне правоў чалавека і гэта стала галоўнай прычынай адмовы ў выдачы візы Лукашэнкі”, -- заявіў міністар замежных справаў Чэхіі Цырыл Свобада і адзначыў, што “Чэхія занепакоеная сытуацыяй у Беларусі, дзе правячы рэжым аўтарытарна і жорстка ўціскае любыя выступленьні апазыцыі і масава парушае правы чалавека”. Варта адзначыць, што прэзыдэнт Лукашэнка стаў адзіным сябрам беларускай дэлегацыі, якому МЗС Чэхіі адмовіла ў візе. Іншыя сябры дэлегацыі могуць адпраўляцца ў Прагу на саміт НАТО, заявіў міністар замежных справаў Чэхіі Цырыл Свобада.