Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Нам абяцаюць з маленства – усе і ўсё. Што ў нас будзе шчасьлівае дзяцінства дзякуючы таварышу Брэжневу. Што мы атрымаем к 2000 году па кватэры на кожную сям’ю. Што цяперашняе пакаленьне (якое гэта—цяперашняе? Зараз ужо і не згадаеш...) будзе жыць пры камунізме. Няўжо не наеліся, суграмадзяне? Прыйшла перабудова, пасьля разваліўся Савецкі Саюз, і высьвятлілася, што нам хлусілі з першага дня нашага існаваньня на гэтай зямлі. І зь дзяцінствам, і з кватэрамі. І з камунізмам. На вуліцы дваццаць першае стагодзьдзе, а ў нас – ні таго, ні іншага, ні трэцяга. У прынцыпе ўжо тады, гадоў 15 таму, варта было зразумець, што нас кармілі хлусьнёй. Здавалася – усе зразумелі, тым больш што Савецкі Саюз рассыпаўся, як пірог з пяску, і нават спагнаць не было з каго.
Парадокс у тым, што ад хлусьні, як ад грыпу, не бывае імунітэту. Колькі б мы не хварэлі на грып, чарговая эпідэмія ўсё адно ня пройдзе незаўважанай. Колькі б нам ня хлусілі, мы ўсё адно кожны раз верым, што вось цяпер нам кажуць праўду. Дакладна так і было з Лукашэнкам. Спачатку ён паабяцаў запусьціць нам заводы. Мы паверылі і прагаласавалі. Сёньня мы можам падсумаваць: заводы ўжо не запусьціць, бо іх кіраўнікі практычна ўсе сядзяць у турме. Ён спрытны хлопец, гэты Лукашэнка! Добра зразумеў, што галоўнае – своечасова перавесьці стрэлкі. Паспрабуйце яго абвінаваціць сёньня ў тым, што заводы не запушчаныя, -- ён махне рукой у бок бліжэйшага СІЗА, дзе сядзіць дырэктарскі корпус: гэта, маўляў, яны вінаватыя, заміналі запуску заводаў. За што і былі пакараныя. Пасьля заводаў ён паабяцаў нам цёплую сэрцу праграму з трох словаў – “Здароўе, жыльлё, харчаваньне”. Наконт здароўя нават і казаць небясьпечна – каб не сурочыць. Бо бясплатнай мэдычнай дапамогі ўжо наўрадці дачакаешся. Па-першае, у шмат разоў скарацілася колькасьць бюджэтных дактароў – яны ня ў стане выжыць пры сваім жабрацкім заробку і сыходзяць з тых самых раённых паліклінік, чэргі ў якіх растуць у геамэтрычнай прагрэсіі. Не выстаяць гэтую чаргу. А кошты ў платных мэдычных цэнтрах растуць у адпаведнасьці з курсам даляра, у адрозьненьне ад абяцаных нам заробкаў. Так што бывай, здароўе, тут дажыць бы хаця б да чагосьці. З харчаваньнем, праўда, у некаторых месцах усё нармалёва. Напрыклад, у “Прэстане”. А ў вашай лядоўні? Вам выпадкова не абрыдлі ў савецкі час тыя пельмені, што ў сырым, і ў вараным выглядзе аднолькава сіненькія і нясмачныя? І ці не заўважалі вы, што апошні час усё часьцей грошай хапае менавіта на іх? Хаця Савецкі Саюз нібыта даўно скончыўся... А пра жыльлё давайце ўвогуле пакуль не згадваць. У нас яшчэ будзе час паразмаўляць пра гэта. Непрыемнасьці варта перажываць па меры іх паступленьня. А яны, як вынікае з перажытага за апошнія гады, ужо зусім блізка. Прычым усе мы, напэўна, спадзяемся, што пры любым кошце камунальных паслуг за іх можна будзе ў скрайнім выпадку не плаціць наогул – а раптам не выганяць. Дык вось -- высяляць. Гэта ў СССР не было ўласнасьці, але на вуліцы за няўплату не выкідалі. У нас – ужо вельмі проста. Законы і нарматыўныя акты ўпарадкаваныя ў адпаведнасьці з крыважэрнымі патрэбамі галоўнага раздаваўцы абяцанак. Можна паспрачацца, што ён з задавальненьнем будзе глядзець па тэлевізіі кадры высяленьня злосных неплатнікаў зь іх уласных кватэраў. І, дарэчы, мы забылі яшчэ пра адно абяцаньне, якое самае важнае за ўсе папярэднія. Нам абяцалі, што мы будзем жыць у свабоднай краіне, дзе нішто не пагражае жыцьцю грамадзян. Гэтае абяцаньне давалася і сем’ям Карпенкі, Захаранкі, Ганчара... Нам абяцалі, што ня будзе страшна жыць у Рэспубліцы Беларусь. Але кожны дзень нясе нам новыя страхі – і, самае галоўнае, страх перад будучыняй. Бо кожны дзень пражыць цяжэй, чым папярэдні. А абяцаньні, калі вы заўважылі, гучаць з тэлеэкрана і са старонак усемагчымых “советских белоруссий” па-ранейшаму. Часам – у арыгінале. З цытатамі з аўтара. На ўсялякі выпадак нагадваем, што аўтара завуць Лукашэнка А.Р. па дзіўным зьбегу абставінаў некаторыя і па гэты дзень называюць яго прэзыдэнтам Беларусі. Як бы ён не называўся, прыйшоў час адказваць. Больш дакладна, як кажуць у тых месцах, куды ён за час свайго прэзыдэнцтва адправіў тысячы людзей, “отвечать за базар”. Час, суграмадзяне. І спагнаць зь яго павінны мы з вамі. Больш няма каму.