|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
У дыктатуры няма будучыні 16:32, 22/11/2002 --Якой вы бачыце сытуацыю ў Беларусі сёньня? --Сытуацыя пагаршаеца з дня ў дзень. Згадайце шчодрыя перадвыбарчыя абяцаньні кандыдата Лукашэнкі, -- што толькі ён не наабяцаў, баючыся згубіць уладу. І ня выканаў ніводнага зь іх! Колькі гадоў ён выхваляўся нізкімі камунальнымі плацяжамі і што ў выніку? – гляньце ў апошнія жыроўкі – ці шмат беларускіх сем’яў у стане заплаціць такія грошы? А што будзе праз месяц? Бо ўлада схітрыла – новыя тарыфы ўведзеныя з сярэдзіны месяца. Наш узровень жыцьця – самы нізкі ў Эўропе. Без замежных інвэстыцыяў Беларусі ня выжыць. Але Лукашэнка будуе “рынкавы сацыялізм”, у які ніхто не жадае ўкладаць грошы. Асноўныя фонды зношаныя данельга. Кіраўнікі прадпрыемстваў са скуры вылазяць, каб заплаціць вялікія падаткі і “дабрахвотныя ахвяраваньні” на будаўніцтва ільдовых палацаў і захаваць вытворчасьць. Але нашым таварам ужо і ў Расеі ня радыя. За рынкі трэба змагацца, а няма з чым. Вось Лукашэнка і адпраўляе за краты дырэктараў, якіх сам і прызначыў. Усім зразумела, што пры цяперашняй уладзе паляпшэньняў ня будзе. --Як вы ацэньваеце стан апазыцыі і месца Вашага руху ў ёй? --Калі б старая апазыцыя была нармальнай, -- не было б неабходнасьці ў зьяўленьні ЗУБРа. Паглядзіце на апошнія соцапытаньні, - рэйтынг Лукашэнкі спаў да рэкордна нізкай адзнакі ў 27%. А што апазыцыя? Агульнанацыянальны блёк дэмакратычных сілаў да гэтага часу ня створаны. Рэйтынг палітычных партыяў застаецца ў межах сацыялягічнай хібнасьці. Партыйныя лідэры павінны задумацца аб гэтым. Калі партыі не аб’яднаюцца ў імя дасягненьня галоўнай мэты, -- вызваленьня нашай краіны ад дыктатуры – у іх ня будзе будучыні. Мы лічым, што зараз час супраціву, а не партыяў. Менавіта грамадзянскі супраціў зьмёў дыктатуры ў краінах Усходняй Эўропы. ЗУБР – рух супраціву. Мы ня дзелім людзей на сваіх і чужых, нас не цікавіць – левы ці правы. Большасьць грамадзян не разумеюць розьніцы паміж лібэраламі і кансэрватарамі. Люзді чакаюць дакладнай і зразумелай альтэрнатывы, зразумелай і чаканай. Моладзь арыентаваная на Эўропу. Больш за палову грамадзян нашай краіны жадаюць, каб Беларусь уступіла ў Эўразьвяз. Зрабіць Беларусь часткай квітнеючай Эўропы – мэта ЗУБРа. --Ваша стаўленьне да мясцовых выбараў? --Мы ня вельмі-такі верым у выбары пры дыктатуры. Ва ўмовах, калі выбарчыя камісіі фармуюцца выканаўчай уладай, а пратаколы пішуцца пад капірку, калі сьпісы кандыдатаў узгадняюцца “на самым версе” – рабіць стаўку толькі на апусканьне бюлетнёў у скрыню неразумна. Выбары можна і трэба выкарыстоўваць для актывізацыі супраціву, для прарыву інфармацыйнай блякады. Хаця дэмакратычны блёк так і не створаны, на месцах, у рэгіёнах працэс аб’яднання ідзе. ЗУБР у выбарах ня будзе ўдзельнічаць, але мы падтрымаем кандыдатаў дэмакратычных рэгіянальных кааліцыяў. --Ваш прагноз: колькі часу пратрымаецца дыктатура ў Беларусі? --Лукашэнка будзе чапляцца за ўладу ўсімі сродкамі. Але гісторыя паказвае, -- дыктатуры ўразьлівыя, і могуць упасьці ў кароткі тэрмін. Лёс усіх тыранаў аднолькавы – яны захопліваюць уладу, каб уладарыць вечна, а сканчваюць здрадай бліжэйшага кола і зьнявагай народу. Мілошавіча зараз судзяць у Гаазе, пэруанец Фухіморы вымушаны быў бегчы з краіны, нацягнуліся хмары над Гусэйнам. Няхай Лукашэнка ня думае, што над Беларусяй іншае сонца, чым над Сэрбіяй, Пэру ці Іракам. Цяперашні рэжым ня мае будучыні – гэта ўсім відаць. Аднак ня варта чакаць, што дыктатура ўпадзе сама сабой. Лукашэнка ўжо заявіў пра сваё жаданьне кіраваць мінімум да 2011 году. Сёньня большасьць супраць дыктатара, але людзі думаюць, што яны ў меншасьці. Такі стан грамадзтва называецца “сьпіраль замоўчваньня”. Гэтую “сьпіраль” трэба зламіць. Людзей трэба аб’яднаць, вярнуць грамадзтву веру ў салідарнасьць і справядлівасьць. Каб стаць свабоднымі, ад усіх нас патрабуюцца вялікія намаганьні, гатоўнасьць ісьці на рызыку, асабістая мужнасць. Гэты шлях прайшлі многія народы, пройдзем і мы.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|