Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
27 лістапада ў Парыжы зьбярэцца адмысловая камісія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па расьсьледаваньні абставінаў зьнікненьняў у Беларусі людзей па палітычных матывах. Пра гэта паведамляе афіцыйны інтэрнэт-сайт Рады Эўропы. Нагадаем, што камісія была створаная камітэтам па прававых пытаньнях і правах чалавека ПАРЭ. Ачоліў камісію расейскі дэпутат Сяргей Кавалёў, намесьнік старшыні – брытанскі палітык, лейбарыст Кевін Макнамара. У яе складзе 10 дэпутатаў – прадстаўнікі Бэльгіі, Вялікабрытаніі, Кіпра, Латвіі, Літвы, Расеі, Турцыі і Ўкраіны.
Расейскія палітолягі мяркуюць, што ў час заплянаванага на 27 лістапада візыту Лукашэнкі ў Крэмль не адбудзецца нічога новага. На думку Андрэя Піанткоўскага, беларускаму лідэру ў чарговы раз агучаць “традыцыйныя патрабаваньні, якія зьяўляюцца сакрэтам толькі для Лукашэнкі”. Піянткоўскі прагназуе, што візыт беларускага лідэра ў Менск зьяўляецца “тэстам на стан сьвядомасьці”. Крэмль яшчэ раз у папулярнай форме спрабуе патлумачыць Аляксандру Лукашэнку тое, што ад яго патрабуецца, а менавіта: даць доступ расейскаму капіталу да прыватызацыі беларускіх аб’ектаў (“Белтрансгаза”, прадпрыемстваў нафтагазавай галіны і г.д.), не варагаваць з Захадам і НАТО, не фарсіраваць “саюзныя” працэсы, а таксама “трымацца прынятага ў дыпляматычнай практыцы лексікону”.
За апошнія чатыры месяцы Таццяна і Сяргей Акаданавы двойчы цярпелі арышт, правялі зь дзясятак дзён за кратамі і былі аштрафаваныя на больш чым 1000 даляраў, што зьяўляецца вялізнай сумай для агалечанай Беларусі.
Рост таваразвароту паміж Беларусяй і Іракам за 9 месяцаў сёлетнага году склаў 40 адсоткаў да аналягічнага пэрыяду мінулага году, нягледзячы на ўсе санкцыі і рэзалюцыі адносна Ірака. Пра гэта заявіў у аўторак падчас сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам Іраку ў Беларусі Дайф Ахмэдам старшыня “палаты прадстаўнікоў” Вадзім Папоў, паведамляе “Медиафакт”. Сьпікер высока ацаніў “мужнае рашэньне” ірацкага народа аб допуску на сваю тэрыторыю міжнародных інспэктараў. Ён адзначыў, што рэзалюцыя Рады бясьпекі ААН, якая дазваляе пазьбегнуць прымяненьня сілы, зьявілася дзякуючы пазыцыі Расеі й Францыі. Тым не менш, ЗША “будуць выкарыстоўваць любую падставу, каб пачаць ваенныя дзеяньні ў Іраку”, упэўнены старшыня ніжняй палаты “парлямэнту”.
25 лістапада пачаўся візыт у Менск дэлегацыі Сусьветнай канфэдэрацыі працы (СКП). Мэта візыту – азнаёміцца з сытуацыяй у самых розных сфэрах беларускага грамадзтва: палітычнай, сацыяльна-эканамічнай, у галіне захаваньня правоў прафсаюзаў і іх узаемадачыненьняў з уладамі. У Беларусі дэлегацыя СКП упершыню пабывала ў 1995 годзе пасьля нашумелай забастоўкі ў Менскім метро. Тады прадстаўнікі СКП сумесна з сваімі калегамі з МКСП праінфармавалі аб менскіх падзеях міжнародную прафсаюзную грамадзкасьць і шмат у чым пасадзейнічалі аднаўленьню на працы звольненых пасьля забастоўкі машыністаў.
Беларусь стала трэцяй краінай, кіраўніцтва якой ня можа наведваць краіны Эўразьвязу. Да гэтага часу ўезд быў забаронены толькі лідэрам Зімбабвэ і М’янмы (Бірмы). Усе тры дзяржавы былі абвінавачаныя ў парушэньні правоў чалавека. Пры вывучэньні гісторыі нашых таварышаў па няшчасьці, сапраўды знаходзіш шмат агульнага.
21 лістапада ў “палаце прадстаўнікоў” была ўчыненая спроба выключыць з Крымінальнага кодэксу тры адыёзныя артыкулы: “Паклёп адносна Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь” (арт.367), “Абраза Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь” (арт.368), “Абраза прадстаўніка ўлады” (арт.369). ініцыятарам слуханьняў па гэтым пытаньні выступіў “дэпутат” Валеры Фралоў. За гэтай дэпутацкай ініцыятывай стаяць тысячы грамадзян Беларусі, якія падпісаліся пад зваротам Беларускай асацыяцыі журналістаў за адмену гэтых артыкулаў. Аднак 65 “дэпутатаў” прагаласавалі супраць уключэньня дадзенага пытаньня ў павестку дня сэсіі, 24 “народныя абранцы” ад галасаваньня ўстрымаліся, і ўсяго 13 – настойвалі на разглядзе.
Пра тое, што з чарнобыльскай праблемай у Беларусі час завяршаць, пагаворваюць даўно, пры гэтым на самых высокіх узроўнях. Домыслы вынікаюць з бязграматных высноваў несумленных “навукоўцаў” і на зацікаўленасьці вышэйшых чыноўнікаў, якія спрабуюць уратаваць ад канчатковага фінансавага краху разваленую імі ж гаспадарку краіны. І зноў-такі за кошт далёка ня самай багатай (мякка кажучы!) часткі насельніцтва краіны.
Пасьля прынятага краінамі-сябрамі ЭЗ рашэньня не выдаваць Аляксандру Лукашэнку і сябрам ягонага ўраду ўязных візаў, ціск на рэжым Менску ўзмацняе таксама Рада Эўропы. Дакладчык па праблемах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі зьвязу дзяржаваў, сябра СДПГ Вольфган Бэрэнд аб’явіў у канцы мінулага тыдня пра паездку камісіі ва ўсходнеэўрапейскую краіну з мэтай высьвятленьня лёсу зьніклых апазыцыянэраў. Паводле рашэньня Рады Эўропы камісія павінна ў бліжэйшай будучыні адправіцца ў Беларусь.
Амэрыканскія і брытанскія экспэрты ў панядзелак апублікавалі справаздачу па выніках праверак ва Ўкраіне ў сувязі зь мяркуемымі пастаўкамі гэтай краінай радарных комплексаў “Кальчуга” Іраку. У справаздачы экспэрты ўказалі, што лічаць “дастаткова верагоднай” магчымасьць таго, што ўкраінскія ўлады насуперак санкцыяў ААН сапраўды паставілі рэжыму Садама Гусэйна некалькі “Кальчуг” праз неназваных пасярэднікаў, паведамляе Associated Press.
На надыходзячыя ўвесну выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў плянуецца выдаткаваць 10 мільярдаў 559 мільёнаў 600 тысяч рублёў. Адпаведны каштарыс выдаткаў, а таксама каляндарны плян арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў і формы выбарчых дакумэнтаў зацьвердзілі члены Выбарчай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэферэндумаў на паседжаньні, якое прайшло 25 лістапада пад старшынствам Лідзіі Ярмошынай.
У супрацоўнікаў беларускай Агульнанацыянальнай тэлевізіі зьявілася арыгінальная ідэя зьняць відэакліп пра гімн краіны. Як паведамляе карэспандэнт “Известий”, асноўная ідэя кліпа – стварэньне яскравага вобразу адзінства грамадзян краіны падчас выкананьня дзяржаўнага гімну.
Саміт краін Паўночна-атлянтычнага альянсу ўнёс карэктывы ў дзейнасьць турфірм, якія працуюць у чэскім накірунку. Апошні выезд беларускіх турыстычных групаў у Чэхію адбыўся 10 лістапада. Пасьля гэтага консульства перастала выдаваць візы беларускім грамадзянам.
Лепшая оптыка й мішэні вырабляюцца ў Беларусі, лічыць міністар абароны Армэніі Сэрж Саркісян. І таму Армэнія мае вялікі інтарэс да супрацоўніцтва зь Беларусяй, падкрэсьліў армянскі міністар абароны падчас сустрэчы са сваім беларускім калегам Леанідам Мальцавым, які прыбыў у Ерыван 25 лістапада.
Генэральны пракурор Віктар Шэйман сьцьвярджае, што арышт падпалкоўніка Зьмітра Паўлічэнкі ня быў зьвязаны з зьнікненьнем вядомых беларускіх палітыкаў. Пра гэта гаворыцца ў адказе, які ўчора атрымаў на свой дэпутацкі запыт сябра “палаты прадстаўнікоў” генэрал Валеры Фралоў.
Генэральны пракурор не адмаўляе факт “прэвентыўнага затрыманьня” камандзіра асаблівай брыгады апэратыўнага прызначэньня ваеннай часткі 3214 Паўлічэнкі” 22 лістапада 2000 году. Падпалкоўнік быў затрыманы згодна з пастановаю старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь на той час Уладзімера Мацкевіча.
Указам Аляксандра Лукашэнкі Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай дадзена права называцца Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). Указ №584 “Аб наданьні Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай права на выкарыстаньне ў сваёй назве афіцыйна скарочанай назвы Рэспублікі Беларусь” падпісаны Лукашэнкам 25 лістапада. Як гаворыцца ў камэнтары да ўказа прэсавай службы прэзыдэнта, выкарыстаньне скарочанай назвы Рэспублікі Беларусь - Беларусь – у назве Федэрацыі прафсаюзаў сьведчыць пра стаўленьне дзяржавы да гэтай арганізацыі і яе ролі ў жыцьці краіны.
Беларусь прыме аналягічныя дзеяньні ў адказ на павелічэньне Літвой ставак консульскіх збораў за выдачу візаў. Пра гэта заявіў намесьнік кіраўніка МЗС Беларусі Аляксандар Герасіменка. Як ужо паведамлялася, з 16 лістапада кошт аднаразовай візы ў Літву ўсталяваны ў памеры 20 эўра (раней 15 даляраў ЗША). Адмысловая віза зараз будзе каштаваць 60 эўра (раней 50 даляраў ЗША), тразытная – 10 даляраў (раней 8 даляраў ЗША). Падаражэла і групавая віза: за яе выдачу будуць спаганяцца 15 эўра з кожнага чалавека. Як патлумачыў прадстаўнікам беларускіх СМІ сакратар МЗСу Літвы, падвышэньне консульскіх збораў за выдачу візаў было прынята Літвой у сувязі з будучым уступленьнем у ЭЗ і зьменаю валютнага курса краіны.
200 млн.даляраў ЗША дазволіць штогод эканоміць перавод беларускіх электрастанцыяў на драўніннае паліва. Першай цеплавой электрастанцыяй, якая будзе працаваць на драўнінных адходах, стане Беларуская ГРЭС, паведаміла газэта “Советская Белоруссия”.
Канцэрн “Белэнэрга” агучыў дадзеныя аб разьліках за выкарыстаныя энэргарэсурсы ў Беларусі. Як паведамілі Союзинфо ў канцэрне, лідэрам сярод даўжнікоў зьяўляюцца прадпрыемствы Мінсельгасхарчу. Усе разам яны спажываюць да 6% энэргарэсурсаў краіны. А іх агульная пазыка ў агульным аб’ёме неплацяжоў склала 60%. У грашовым выяўленьні агульная пазыка прадпрыемстваў Мінсельгасхарчу за спажытую з 1 красавіка па 1 лістапада 2002 году электраэнэргію складае амаль 24 млрд. бел.руб, за прыродны газ – 4,43 млрд.руб.
Паважаная рэдакцыя газэты “Народная воля!” Пішуць Вам рабочыя Заслаўскай картанажна-паліграфічнай фабрыкі, прозьвішчы пазначыць ня можам. Мы ня можам больш маўчаць і назіраць, як губяць нашае прадпрыемства. Усе лепшыя работнікі фабрыкі звальняюцца. Нашага былога дырэктара, добрасумленнага чалавека, які ўсё жыцьцё аддаў фабрыцы, год таму выкінулі, а дырэктарам прызначылі выпадковага чалавека, які знайшоў дзяржаўны дах, а сам мае адносіны да некалькіх фірмаў і працуе толькі на сябе. Ці можа такі чалавек кіраваць дзяржаўным прадпрыемствам? У вытворчыя працэсы наш новы дырэктар не паглыбляецца, вельмі рэдка зьяўляецца на фабрыцы, у цэхі не заходзіць. Мы больш прастойваем, чым працуем. Пры такім забесьпячэньні працай заробак застаеца нізкім і не павышаецца.
Запазычанасьць Гомельскай вобласьці за газ складае 14,4 млн.даляраў. Амаль палова гэтай сумы прыпадае на прадпрыемствы жылкамунгасу. Аднак найбольшую запазычанасьць маюць адкрытыя акцыянэрныя таварыствы “Рэчыцдрэў” і “Гомельдрэў”, паведамляе БелаПАН.
Пяць гадоў "Swedwood Group" – дачэрняе падразьдзяленьне сусьветнага лідэра па вытворчасьці мэблі швэдзкай кампаніі IKEA – распрацоўвала праект па стварэньні ў Полацку дрэваапрацоўчага комплексу. Агульная сума інвэстыцыяў ацэньвалася ў $25 млн. IKEA, якая мае вытворчасьць у 76 краінах сьвету, нарэшце, павінна была прыйсьці на беларускі рынак і прапанаваць мэблю пакупніку сярэдняй клясы, што садзейнічае стратэгіі кампаніі на ўсіх рынках.
“Сургутнефтегаз” адмовіўся ўдзельнічаць у аўкцыёне па продажу 10,83% акцыяў “Славнефти”, якія належаць Беларусі. У сувязі з тым, што інтарэс да аўкцыёна стаў вельмі нізкім, беларускаму боку давялося перанесьці аўкцыён, бо адзіны прэтэндэнт, які падаў заяўку (“Сибнефть”), прапанаваў занадта нізкі кошт. Гэтая падзея кінула цень на нафтавы сэктар расейскага фондавага рынку, бо на аўкцыён “Славнефти” ўскладаліся вялікія надзеі ў пляне актывізацыі інтарэсу як замежных, так і айчынных інвэстараў да нафтавых папераў.
Віцебскі аблвыканкам выпрацуе на сваім паседжаньні, якое адбудзецца 26 лістапада, меры па ліквідацыі гаспадарчымі органамі запазычанасьці па заробку. На паседжаньні, як паведамляе БЕЛТА, будуць разглядацца стан працы з грамадзянамі па месцу жыхарства ў Наваполацку і меры па яе паляпшэньні. У павестцы дня таксама парадак рэгуляваньня коштаў на сацыяльна значную прадукцыю, тарыфы на праезд пасажыраў у аўтобусах рэгулярных маршрутаў прыгарадных шляхоў зносінаў. На паседжаньні аблвыканкаму будзе ісьці размова аб шэфскіх сувязях раёнаў з вайсковымі часткамі і падразьдзеламі.
Сёньня ў камісіях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу разглядаўся праект бюджэту краіны на наступны год. Ужо ў сераду праект галоўнага фінансавага дакумэнту краіны вынясуць на пленарнае паседжаньне, і, калі выконваць загады галавы дзяржавы, дакумэнт павінны прыняць да 1 лістапада. Абмеркаваньне і прыняцьце бюджэту нагадвае спрынтарскую гонку: нават летась парлямэнтараў так не падганялі. Зрэшты, такія кароткія тэрміны разгляду тлумачацца і тым, што дэпутаты фактычна нічога не вырашаюць у гэтым (і ня толькі ў гэтым) пытаньні: усё даўно вызначыў і ўзгадніў Мінфін, а палата павінна толькі ўвесьці волю чыноўнікаў у заканадаўчыя рамкі.
Таргі па продажу 10,83% дзяржаўнага пакету акцыяў НДК “Славнефть” будуць працягвацца ў аўторак на Беларускай валютна-фондавай біржы. Пра гэта паведамілі ў беларускім прадстаўніцтве кампаніі.
Канцэрн “Белэнэрга” адключыў ад энэргазабесьпячэньня 780 прадпрыемстваў-неплатнікаў. Як паведаміў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай пытаньням энэргазабесьпячэньня, дарадца прэзыдэнта канцэрну Ўладзімер Кардуб, гэта вымушаная мера прымененая да спажыўцоў, якія доўгі час працягваюць накапліваць даўгі перад энэргасыстэмай. Яшчэ больш за 3 тыс. прадпрыемстваў абмежаваныя ў паступленьні энэргіі.
З сярэдзіны кастрычніка замежнае прадпрыемсва “Вітэла” спыніла працу. Мяркуючы па апошніх падзеях, хтосьці вельмі зацікаўлены ў стварэньні негатыўнага іміджу самага буйнога рэзыдэнта свабоднай эканамічнай зоны “Віцебск”.