Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Акцыя ў абарону журналістаў працягваецца 12:05, 26/11/2002
21 лістапада ў “палаце прадстаўнікоў” была ўчыненая спроба выключыць з Крымінальнага кодэксу тры адыёзныя артыкулы: “Паклёп адносна Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь” (арт.367), “Абраза Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь” (арт.368), “Абраза прадстаўніка ўлады” (арт.369). ініцыятарам слуханьняў па гэтым пытаньні выступіў “дэпутат” Валеры Фралоў. За гэтай дэпутацкай ініцыятывай стаяць тысячы грамадзян Беларусі, якія падпісаліся пад зваротам Беларускай асацыяцыі журналістаў за адмену гэтых артыкулаў. Аднак 65 “дэпутатаў” прагаласавалі супраць уключэньня дадзенага пытаньня ў павестку дня сэсіі, 24 “народныя абранцы” ад галасаваньня ўстрымаліся, і ўсяго 13 – настойвалі на разглядзе.
Аднак, нягледзячы на гэта, акцыя Беларускай асацыяцыі журналістаў па збору подпісаў за адмену арт.367, 368, 369 КК працягваецца. Яе мэта – ня столькі абарона прафэсійных інтарэсаў журналістаў, колькі адстойваньне канстытуцыйнага права грамадзян на свабоду слова. Практыка выкарыстаньня згаданых артыкулаў сьведчыць, што яны выступаюць у якасьці інструмэнту палітычных рэпрэсіяў за крытычныя выступы ў СМІ. Іх адмена можа стаць першым крокам у справе фармаваньня дэмакратычнай прававой дзяржавы ў Рэспубліцы Беларусь. БАЖ заклікае ўсіх неабякавых грамадзян краіны далучыць свой голас да патрабаваньня аб адмене рэпрэсіўных артыкулаў Крымінальнага кодэксу.