Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Генэральны пракурор абараняе “эскадроны сьмерці” 10:32, 26/11/2002
Генэральны пракурор Віктар Шэйман сьцьвярджае, што арышт падпалкоўніка Зьмітра Паўлічэнкі ня быў зьвязаны з зьнікненьнем вядомых беларускіх палітыкаў. Пра гэта гаворыцца ў адказе, які ўчора атрымаў на свой дэпутацкі запыт сябра “палаты прадстаўнікоў” генэрал Валеры Фралоў.
Генэральны пракурор не адмаўляе факт “прэвентыўнага затрыманьня” камандзіра асаблівай брыгады апэратыўнага прызначэньня ваеннай часткі 3214 Паўлічэнкі” 22 лістапада 2000 году. Падпалкоўнік быў затрыманы згодна з пастановаю старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь на той час Уладзімера Мацкевіча.
Як вынікае з адказу генэральнага пракурора, старшыня КДБ сыходзіў з падазрэньня ў тым, што Паўлічэнка “ўчыняў гвалтоўныя дзеяньні адносна грамадзяніна Грачова... У сувязі зь незаконнасьцю затрыманьня 23 лістапада 2000 году Паўлічэнка быў вызвалены па ўказаньні кіраўніцтва КДБ”. Нагадаем, што Грачоў быў супрацоўнікам кантрольна-рэвізійнага ўпраўленьня Міністэрства культуры і займаўся расьсьледаваньнем фінансавых парушэньняў. Што да зьнікненьня Захаранкі,Завадзкага, Ганчара і Красоўскага, дык у асноўным Віктар Шэйман падае вядомыя ўжо факты. Хоць і тут ёсьць цікавыя рэчы. Напрыклад, як паведамляе Радыё Свабода, сьцьвярджаецца, што вынікі генатыпаскапічнай экспэртызы на месцы зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага даюць падставы меркаваць, што плямы крыві з 99,8% верагоднасьці могуць належыць Ганчару, а вось іх датычнасьць да Красоўскага цалкам выключаецца. Генэральны пракурор таксама піша, што сабраныя доказы, а таксама словы сьведак, даюць падставы лічыць, што Ганчар, Захаранка і Красоўскі былі выкрадзеныя невядомымі асобамі. Нагадаем, што 7 траўня 1999 году непадалёк ад свайго дому невядомымі быў выкрадзены экс-міністар унутраных справаў Юры Захаранка. За некалькі гадоў да выкраданьня Захаранка быў звольнены як нязгодны з пунктам погляду прэзыдэнта і ягонага атачэньня. Апазыцыйная дзейнасьць экс-міністра ўяўляла сабой асаблівую небясьпеку для ўладаў. 16 верасьня 1999 году бясьсьледна зьнік першы віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар. У траўні 1999 году Ганчар, як было прадпісана Канстытуцыяй, наладзіў кампанію па выбарах прэзыдэнта Беларусі, якая была сарваная ўладамі. У ліпені 1999 году Віктар Ганчар аб’явіў пра сканчэньне тэрміну легітымнага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Бізнэсоўца Анатоль Красоўскі быў выкрадзены 16 верасьня 1999 году разам са сваім сябрам, віцэ-сьпікерам ВС Віктарам Ганчаром. Анатоль Красоўскі займаўся фінансаваньнем дзейнасьці апазыцыі, што магло стаць падставай для расправы над ім. Журналіст-апэратар беларускага карпункту ОРТ Зьміцер Завадзкі бясьсьледна зьнік 7 ліпеня 2000 году. Паводле дадзеных беларускіх СМІ, у час працы ў Чачэніі журналіст мог даведацца пра пастаўкі беларускай зброі чачэнскім баевікам.