Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Зьміцер Бандарэнка: Пуцін ратуе беларускага дыктатара 11:02, 28/11/2002
Нагадаем, што канфлікт паміж лідэрамі дзьвюх дзяржаваў быў вельмі сур’ёзным. Ва ўсіх на памяці засталіся вядомыя словы Пуціна аб “падзеле мух і катлет” і абурэньне Лукашэнкі: маўляў, нават Сталіну не прыходзіла ў галаву паступаць так зь Беларусяй, як Пуцін. Тады кіраўнік Расеі меркаваў, па сутнасьці, падзяліць рэспубліку на некалькі частак і ўвесьці іх у склад Расейскай Федэрацыі. Пасьля быў скандаль з пастаўкамі расейскага газу ў Беларусь і блякада Захаду адносна Лукашэнкі. Пракамэнтаваць учорашні візыт беларускага лідэра ў Маскву мы папрасілі каардынатара грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя’97" Зьмітра Бандарэнку:
“Літаральна некалькі дзён таму Эўропа закрыла ўезд для Лукашэнкі, тое самае зрабіла Амэрыка, і падставай для гэтага сталі найгрубейшыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Акрамя таго, амэрыканцы абвінавачваюць Беларусь у пастаўках зброі Іраку. Літаральна адразу пасьля гэтых падзяў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін запрашае Лукашэнку ў Маскву. Гэта можна расцэньваць як тое, што Расея кідае ратавальнае кола беларускаму дыктатару. Пуціна цалкам не цікавіць парушэньне правоў чалавека ў Беларусі, яму ўсё адно, што ў Беларусі зьнікаюць вядомыя палітыкі і журналісты, яго не цікавяць абвінавачваньні Лукашэнкі ў кантактах з Іракам і іншымі рэжымамі-ізгоямі. Як заявіў расейскі прэзыдэнт, Расея занадта шмат аддавала і зараз зьбіраецца толькі браць. Зразумела, што гэта “Белтрансгаз”, нафтавыя заводы і, магчыма, уся Беларусь. У выніку, надзеі некаторых заходніх палітыкаў і дыпляматаў на тое, што Пуцін навучыць Лукашэнку дэмакратыі, выглядаюць вельмі наіўнымі. Тэма правоў чалавека, тэма дэмакратыі ў Беларусі на прэсавай канфэрэнцыі Пуціна і Лукашэнкі ўвогуле не паўставала. Усё гэта можна расцаніць як дапамогу рэжыму Лукашэнкі”, -- так пракамэнтаваў візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву, які адбыўся 27 лістапада, каардынатар грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя’97" Зьміцер Бандарэнка.