Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Украінская Рада незадаволеная расьсьледаваньнем гібелі Міхаіла Каламійца 16:09, 28/11/2002
Дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны лічаць, што расьсьледваньне абставінаў гібелі вядомага ўкраінскага журналіста Міхаіла Каламійца ідзе “павольна і малаэфэктоўна”. Як заявіў сёньня на паседжаньні парлямэнту народны дэпутат Мікалай Таменка, сумесная ўкраінска-беларуская экспэртная група, створаная для правядзеньня судова-мэдычнай экспэртызы цела журналіста, яшчэ нават не распачала сваёй справы.
Таменка, які зьяўляецца кіраўніком парлямэнцкага камітэту па пытаньнях свабоды слова і інфармацыі, асабіста сустрэўся з Генпракурорам Украіны Сьвятаславам Піскуном. У час размовы дэпутат зрабіў выснову, што “Генпракуратура ня ў стане адэкватна расьсьледаваць гэтую справу”. Між тым, як паведамілі карэспандэнту “"Росбалта"” у пракуратуры Кіеву, зараз праваахоўчыя органы ўжо праводзяць цэлы комплекс сьледчых прац. Па справе пра гібель журналіста дапытаныя каля 20 сьведак на Ўкраіне і ў Беларусі. Нагадаем, што дырэктар інфармацыйнага агенцтва “Украинские новости” Міхаіл Каламіец зьнік 21 кастрычніка сёлетняга году. Ягонае цела знайшлі праз 10 дзён у раёне беларускага горада Маладэчна (80 км ад Менску). Паводле папярэдніх дадзеных, журналіст зьдзейсьніў самазабойства, аднак цэлы шэраг ягоных калег і знаёмых ня вераць у гэтую вэрсію. На Захадзе Каламійца ўжо называюць “другім Гангадзэ” і патрабуюць ад Кіева правесьці самае руплівае расьсьледаваньне абставінаў ягонай гібелі.