Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міністар фінансаў кажа пра складанасьці ў выкананьні бюджэту 16:13, 28/11/2002
Міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут канстатуе наяўнасьць “складанасьцяў” у фінансаваньні асобных артыкулаў выдаткаў бюджэту сёлетняга году. “Галоўнай прычынай гэтага зьяўляецца тое, што рэальны сэктар эканомікі ў сёлетнем годзе працаваў ня так, як было заплянавана”, -- заявіў міністар у сваім выступе перад дэпутатамі ніжняй палаты беларускага “парлямэнту”.
Як адзначыў Корбут, да гэтага часу назіраецца тэндэнцыя павелічэньня запасаў гатовай прадукцыі, “працьвітае бартэр, падае рэнтабельнасьць, растуць страты, зьніжаецца прыбытак і, натуральна, плата ў бюджэт”. Паводле ягоных словаў, сёлета не ўдалося выкараніць утрымальніцкі падыход ва ўзаемаадносінах суб’ектаў гаспадараньня ў частцы выкананьня абавязацельстваў па плаце ў бюджэт і вяртаньні пазычаных сродкаў. “Сёлета не склаліся патрэбным чынам адносіны з замежнымі інвэстарамі, што пацягнула недабор замежных пазык на пакрыцьцё дэфіцыту бюджэту”, -- цытуе Корбута “Медиафакт”. Паводле міністра, за 10 месяцаў у кансалідаваны бюджэт паступіла 6,6 трлн. рублёў, ці 83,3% ад гадавога пляну. Нягледзячы на цяперашнія праблемы ў бюджэтнай палітыцы дзяржавы, кіраўнік Мінфіну ўпэўнены, што зацьверджаныя парамэтры па прыбытках “будуць перавыкананыя, і ў бюджэт да канца году прагназуецца паступленьне дадатковых 300 млрд. руб”.