Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Завяршылася расьсьледаваньне справы былога дырэктара МТЗ Міхаіла Лявонава 12:23, 04/12/2002
Яно цягнулася больш за 10 месяцаў. Аляксандар Лукашэнка нядаўна заявіў, што ў Нямеччыне ў Лявонава знойдзеныя асабістыя грашовыя рахункі на 17 мільёнаў даляраў. Між тым, пракуратура пакуль не пацьвердзіла гэтых зьвестак. Кіраўнік сьледчай групы Іван Бранчаль увогуле адмовіўся камэнтаваць гэтыя зьвесткі і спаслаўся на тайну сьледзтва.
Нагадаем, што Лукашэнка таксама заявіў, што яшчэ двума асабістымі рахункамі Лявонава за мяжой карысталіся сваякі арыштаванага дырэктара. Гэтыя зьвесткі абвяргае жонка Міхаіла Лявонава. Яна кажа, што ўпершыню чуе аб замежных рахунках мужа і пра тое, што сваякі мелі яшчэ два рахункі. “Адкуль гэтыя мільёны, дзе і што, на падставе якіх дадзеных гэта ўсё заяўляецца, я ня ведаю. Дастаткова толькі ўявіць сабе лічбу 17 мільёнаў, каб сумнявацца. Нават такое вялікае прадпрыемства, як трактарны завод, пэўны час вымушанае было б працаваць толькі на аднаго чалавека, каб сабраліся такія грошы. Але хіба гэта магчыма? Таму для мяне лічба 17 мільёнаў ужо паказчык, і адкуль яна можа ўзяцца я не ўяўляю”, -- заявіла Лявонава Радыё Свабода. Алена Лявонава таксама паведаміла, што нядаўна ейнага мужа з ізалятара ў Жодзіна перавялі ў сьледчы ізалятар Менску. Яшчэ яна сказала, што яе муж па-ранейшаму адчувае сябе вельмі блага і “трымаецца толькі на таблетках”. Былы дырэктар МТЗ вывучае сабраныя следчымі доказы, пасьля чаго справа будзе перададзеная ў суд. Згодна сьведчаньням з крыніц на МТЗ, у справе Лявона фігуруюць яшчэ некалькі чалавек. У тым ліку абвінавачваньне па пяці артыкулах прад’явілі грамадзяніну Расеі, які працаваў у буйной расейскай кампаніі. Паводле адваката Аляксандра Самусева, справа Лявонава можа апынуцца ў судзе ў канцы году, а да таго часу ніякіх камэнтараў ад яго ня будзе. Прыкладна ў такі самы тэрмін будзе завершанае расьсьледаваньне яшчэ двух гучных спраў гаспадарчых кіраўнікоў – былога дырэктара завду халадзільнікаў “Атлант” Леаніда Калугіна і былога кіраўніка Белгасхарчпраму Віктара Казекі. Чакаецца, што судовыя працэсы над імі пачнуцца ў пачатку наступнага году. Акрамя гэтага, ужо каля месяца ў Вярхоўным судзе ідзе парцэс над былым кіраўніком Беларускай чыгункі Віктарам Рахманько.