Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Віктар Шэйман даў справаздачу перад Аляксандрам Лукашэнкам 10:58, 04/12/2002
Пра стан законнасьці і правапарадку ў краіне, выніках працы, зробленай органамі пракуратуры за мінулы тыдзень, 3 сьнежня Аляксандру Лукашэнку паведаміў генэральны пракурор Віктар Шэйман.
Шэйман праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб мерах, якія прымаюцца праваахоўчымі органамі па шэрагу крымінальных справаў, якія атрымалі апошнім часам вялікі грамадзкі рэзананс.
У прыватнасьці, сьледча-апэратыўнай групай рэспубліканскай пракуратуры ў рамках справы, распачатай па фактах крадзяжу матэрыяльных каштоўнасьцяў на Беларускім металюргічным заводзе, затрыманыя і зьмешчаныя ў ізалятар часовага ўтрыманьня пяць службовых асобаў зь ліку кіраўнікоў прадпрыемства і адной з камэрцыйных фірмаў. Паводле крымінальнай справы адносна дзесяці службовых асобаў банку “Белбалтия” накладзены арышт на асабістую маёмасьць падазраваных і абвінавачаных на агульную суму больш за 2,5 мільёны даляраў ЗША. Лукашэнку паведамілі аб завяршэньні сьледзтва і накіраваньні ў суд крымінальнай справы адносна службовых асобаў ААТ “Пищевик”, якія ўчынілі крадзеж дзяржаўнай маёмасьці і незаконна ажыцьцяўлялі прадпрымальніцкую дзейнасьць. Віктар Шэйман праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку пра ход сьледзтва па крымінальнай справе адносна службовых асобаў канцэрну “Белресурсы”, якія ў выніку службовай нядбайнасьці дапусьцілі запазычанасьць па плаце за спажыты прыродны газ, і гэтым самым нанесьлі дзяржаве ўрон на суму звыш пяці мільёнаў даляраў ЗША. Кіраўніку дзяржавы таксама падалі інфармацыю аб мерах, якія прымаюцца органамі пракуратуры па нагляду за выкананьнем заканадаўства аб захаваньні ўласнасьці і жывёлы ў гаспадарках рэспублікі. У сувязі з масавым атручваньнем 836 галоў буйной рагатай жывёлы на фермах шэрагу калгасаў Ваўкавыскага раёну Гарадзенскай вобласьці, якое прынесла ўрон на суму звыш 488 мільёнаў рублёў, распачатая крымінальная справа, якую даручылі расьследаваць пракуратуры Гарадзенскай вобласьці. Лукашэнка запатрабаваў ад генэральнага пракурора прыняць усе прадугледжаныя заканадаўствам меры для найхутчэйшага завяршэньня сьледзтва па гэтых крымінальных справах і поўнай кампэнсацыі ўрону, нанесенага грамадзянам і дзяржаве ў выніку злачынных дзеяньняў службовых асобаў. У час дакладу разглядаліся і іншыя пытаньні, аб якіх, праўда, нічога не паведамляецца.