Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
5 сьнежня ў судзе Савецкага раёну гораду Менску завяршаецца разгляд скаргі Зінаіды Ганчар – жонкі выконваючага старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі XIII скліканьня Віктара Ганчара, які зьнік у верасьні 1999 году. Суд разгледзіў скаргу і прызнаў Віктара Ганчара бязь вестак зьніклым з 17 верасьня 1999 году.
У чацьвер стала вядома, што былы амбасадар Беларусі ў Японіі Пётар Краўчанка “праводзіць пратакольна-арганізацыйныя працы па перадачы справаў”. Пра гэта паведаміў на брыфінгу начальнік упраўленьня інфармацыі, прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў рэспублікі Павал Латушка. Паводле яго, у МЗС Беларусі перакананыя, што былы амбасадар “павінен вярнуцца на радзіму як мага хутчэй”. МЗС сыходзіць з таго, што дыпляматычны супрацоўнік павінен дакладна выконваць свае службовыя абавязкі. Пры гэтым у беларускім МЗС “шкадуюць аб паводзінах Краўчанкі”, адзначыў Латушка.
Уплывовая брытанская газэта "The Guardian" апублікавала 22 лістапада артыкул пад назваю “Праскі рэкет” за подпісам прадстаўніка нейкай Брытанскай Гэльсынскай групы па правох чалавека Джона Лафлэнда. Яе аўтар выказвае супрацьлеглую думку іншых праваабарончых арганізацыяў на становішча справаў у Беларусі.
10 сьнежня ва ўсім сьвеце адзначаецца гадавіна Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Беларусь ратыфікавала гэты дакумэнт і ўзяла на сябе абавязацельствы “садзейнічаць усеагульнай павазе захаваньню правоў чалавека і асноўных свабодаў”. Але гэта толькі на паперы – насамрэч у краіне зьневажаюцца асноўныя свабоды грамадзян. Выкраданьне палітыкаў, журналістаў і бізнэсоўцаў, апазыцыйных дзейнай ўладзе, – самае страшнае злачынства рэжыму апошняга дыктатара Эўропы Аляксандра Лукашэнкі. Напярэдадні Міжнароднага дня правоў чалавека маці, жонкі, дзеці бясьсьледна зьніклых вядомых палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў Беларусі зьвярнуліся да грамадзян краіны з просьбай аб падтрымцы і дапамозе ў рэалізацыі свайго права ведаць пра лёс блізкіх. Сваякі рэпрэсаваных беларусаў заклікаюць суграмадзян прыйсьці 10 сьнежня а 12 гадзіне на Кастрычніцкую плошчу сталіцы, дзе пройдзе акцыя, прысьвечаная Дню правоў чалавека.
Кангрэсмэн Курт Уэлдан, які ачольваў дэлегацыю Кангрэсу ЗША, што знаходзілася ў Менску зь візытам 3-4 сьнежня і сустракалася з Аляксандрам Лукашэнкам, зьвярнуўся да Амбасады ЗША ў Менску з просьбай распаўсюдзіць наступную прадыктаваную ім заяву: “Я катэгарычна абвяргаю інфармацыю прэсавага рэлізу Прэзыдэнта Беларусі Лукашэнкі ад 4 сьнежня. Мяне пужае, як мог быць прыняты такі бессаромны крок і агучаная такая абуральная хлусьня. Многія з палажэньняў прэс-рэліза адносна згоды з боку дэлегацыі, якая нібыта мела месца, прапаноўваліся, але былі катэгарычна адвергнутыя. Візыт дэлегацыі ў Менск быў візытам добрай волі. Тое, з чым мы сутыкнуліся, ёсьць палітка нізкай пробы”.
Беларускія ўлады ня выдалі візы былому назіральніку за леташнімі прэзыдэнцкімі выбарамі ад місіі БДІПЧ АБСЭ Адрыяну Марару з Румыніі і прадстаўніку чэскай праваабарончай арганізацыі “Чалавек у бядзе” Робэрту Баху. Бах і Марару плянавалі прыехаць у Менск, каб удзельнічаць у канфэрэнцыі “Міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў і беларускае выбарчае заканадаўства”.
Паўвось зла 10:58, 05/12/2002, Аляксандар Рыклін, “Журнал”
Напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі ў расейскую сталіцу кіраўніку беларускай дзяржавы і сямі высокапастаўленым чыноўнікам ягонае адміністрацыі ўрачыста адмовілі ва ўязной візе ў Злучаныя Штаты. “ЗША прымаюць гэтую экстраардынарную меру, -- заявіла прэсавы сакратар Дзяждэпу Лін Касэль, -- з прычыны цяглага парушэньня правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі і, у асаблівасьці, прымусовага закрыцьця місіі АБСЭ ў Менску”. Да гэтага часу ўпускаць Лукашэнку на сваю тэрыторыю адмовіліся практычна ўсе краіны Эўразьвязу за выключэньнем Партугаліі і атрымоўваецца, што ва ўрадавай рэзыдэнцыі, якая да гэтага часу неафіцыйна называецца “бліжнім лецішчам Сталіна”, прэзыдэнт Пуцін прымаў проста-такі сусьветнага ізгоя. Між тым, на выніковай прэс-канфэрэнцыі абодва кіраўнікі дзяржаў усяляк імкнуліся прадэманстраваць, што сустрэча прайшла ў цёплай і сяброўскай абстаноўцы. Магло падасца, што расейская палітыка ў дачыненні да Беларусі ідзе насуперак сусьветнай.
Два месяцы таму “Народная воля” апублікавала два цікавыя дакумэнты з Акадэміі Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь. Два загады аб залічэньні студэнтаў на платнай аснове на завочны факультэт. Нагадаем, што на першы погляд, дакумэнты былі цалкам аднолькавыя. Адна дата, адзін нумар, абодва за подпісам тады яшчэ начальніка Акадэміі генэрал-маёра міліцыі В.Апанасевіча. Праўда, у адным загадзе на трыццаць тры прозьвішчы болей...
На судовым паседжанні па справе адносна былога начальніка Беларускай чыгункі Віктара Рахманько, якое адбылося 4 сьнежня ў Вярхоўным судзе, выступілі дзяржаўныя абвінаваўцы. Яны выклалі сваю пазыцыю па ўсіх эпізодах абвінавачваньня і падыйшлі да допыту падсудных. У прыватнасьці, Віктар Рахманько абвінавачваецца ў атрыманьні хабараў ад прадстаўніка адной з маскоўскіх фірмаў, у незаконным паляваньні ў адным зь беларускіх запаведнікаў, у незаконным разьмеркаваньні жыльля.
“Прыезд амэрыканскіх кангрэсмэнаў несвоечасовы. Мэта незразумелая. Асабліва на тле рашэньня Злучаных Штатаў далучыцца да рашэньня Эўразьвязу аб’явіць кіраўніцтва Беларусі пэрсонамі нон-грата. Лукашэнка спрабуе скарыстаць гэты візыт для таго, каб уцягнуць АБСЭ ў чарговыя пустыя размовы або дабіцца стварэньня дэкаратыўнай прысутнасьці АБСЭ ў Беларусі. Гэта яго звычайная тактыка – выігрываць час пад прыкрыцьцём перамоваў. АБСЭ мусіць дакладна патрабаваць неадкладнага выкананьня юрыдычных абавязацельстваў Беларусі, у тым ліку і па цяперашнім мандаце місіі АБСЭ ў Менску”, - такім чынам міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саньнікаў пракамэнтаваў візыт у Менск прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.
Ураду ўсё цяжэй вытрымліваць “сацыяльную накіраванасьць” бюджэту. Яго даходы не дазваляюць захаваць ранейшы ўзровень сацыяльнай абароны, і шэраг ня самых забясьпечаных катэгорыяў насельніцтва будзе пазбаўлены ранейшых ільгот. На платныя паслугі часткова пераводзіцца адукацыя і ахова здароўя.
У судзе Пастаўскага раёну праходзіць разгляд крымінальнай справы генэральнага дырэктара Віцебскага абласнога лесагаспадарчага аб’яднаньня Аляксандра Казлова. Ён абвінавачваецца ў крадзяжах у асабліва буйных памерах шляхам злоўжываньня службовым становішчам і ў службовым падмане.
Як паведамілі РІА "Новости" ў аддзеле па сувязях з грамадзкасьцю рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства па транспартыроўцы і пастаўцы газу “Белтрансгаз”, зараз на апошнім на тэрыторыі Беларусі ўчастку газапроваду ідуць працы па асушэньні трубы. Даўжыня ўчастку трубапроваду ад вузлу падключэньня да будучай кампрэсарнай станцыі (КС) “Менская” да КС “Нясьвіская” складае 109 км.
Збор подпісаў пад зваротам да гарадзкіх уладаў з патрабаваньнем забясьпечыць тэмпературу паветра ў жылых памяшканьнях не ніжэй за 18 градусаў па Цэльсію пачалі жыхары Наваполацку. Ініцыятарам акцыі выступіў прадстаўнік грамадзкага праваабарончага цэнтру “Вясна” Зьміцер Салаўёў. “Мы своечасова аплочваем ацяпленьне нашых кватэр, адпаведна, мы маем права патрабаваць захаваньне нормы, - гаворыцца ў звароце. – Лічым няправільным дырэктыўнае зьмяншэньне тэмпературы цепланосьбіта з мэтай эканоміі энэргарэсурсаў. Гэткія меры прыводзяць да зьмяншэньня тэмпературы ў нашых кватэрах ніжэй за рэкамэндаваны ўзровень і такім чынам парушаюць нашыя правы. Нізкая тэмпература прыводзіць да павелічэньня колькасьці прастудных захворваньняў сярод насельніцтва і праз гэта эканамічныя страты павялічваюцца”.
Фонд дзяржаўнай маёмасьці Беларусі зьмяніў умовы продажу беларускага пакету акцыяў НДК “Славнефть”, паведамілі РБК на Беларускай валютна-фондавай біржы. У прыватнасьці, Фонд дзяржаўнай маёмасьці Беларусі перанёс тэрмін канчатковага разьліку пакупніка па зьдзелцы з 5 на 11 сьнежня 2002 г. уключна. Апрача таго, ФДМ зьмяніў рээстратрымальніка акцыяў з ЗАТ “Сервис-реестр” на ААТ “Регистратор Р.О.С.Т”.
З сьнежня 2002 году на Менскім аўтамабільным заводзе спыняецца масавы выпуск грузавых аўтамабіляў з рухавікамі экалягічных нормаў “Эўра-0”. На канвэеры заводу будуць выпускацца толькі аўтамабілі з рухавікамі, адпаведным нормам “Эўра-2” і”Эўра-1”. Галоўным пастаўшчыком матораў па-ранейшаму застаецца яраслаўскае ААТ “Автодизель”.
У Беларусі ў студзені-кастрычніку сёлетняга году зьдзейсьнена 1996 вулічных нападаў – на 60 адсоткаў болей, чым за той самы пэрыяд мінулага году. Пра гэта ў інтэрвію газэце “Советская Белоруссия” паведаміў начальнік аддзелу па раскрыцьці крадзяжоў і разбойных нападаў галоўнага ўпраўленьня крымінальнага вышуку МУС Беларусі Аляксандар Лагуновіч. Такія высокія тэмпы росту вулічнай злачыннасьці ён зьвязвае “з паслабленьнем міліцэйскай структуры”.