Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Апазыцыю не пускаюць у выбаркамы 16:04, 05/12/2002
Ніводны прадстаўнік апазыцыйных дэмакратычных партыяў не ўвайшоў у Гарадзенскую, Гомельскую і Віцебскую абласную тэрытарыяльную камісіі па выбарах у мясцовыя Саветы. Такі чынам, ужо сёньня можна казаць пра тое, што выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў ня будуць свабоднымі і дэмакратычнымі.
У Гарадзенскай вобласьці ў камісію не ўвайшлі прадстаўнікі ад Гарадзенскай Рады Партыі БНФ, рады гарадзкой арганізацыі ЛДПБ і Беларускага Гэльсынскага камітэту. Такое рашэньне, як паведамляе інтэрнэт-газэта «Пагоня» было прынятае 4 сьнежня на першым паседжаньні Гарадзенскага аблвыканкаму па выбарах у мясцовыя Саветы 2003 году. Акрамя грамадзкіх арганізацыяў у камісію таксама не прайшоў прадстаўнік Гарадзенскага гандлёвага коледжа, высунутага зборам подпісаў. Старшынём абласной тэрытарыяльнай камісіі па выбарах у мясцовыя Саветы стаў дырэктар Гарадзенскага камбінату будаўнічых матэрыялаў Леанід Лучына, сакратаром – дэпутат абласнога Савету Віктар Цыдзік. Ад грамадзкіх арганізацыяў увайшлі прадстаўнікі прафсаюзу лёгкай прамысловасьці, гарадзкой рады Беларускага саюзу жанчын, Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі (БРСМ). Ад палітычных партыяў у камісію дапушчаныя прадстаўнікі Гарадзенскага савету Камуністычнай партыі беларускай і Аграрнай партыі. --Гарадзенскі БНФ чакаў такіх вынікаў фармаваньня камісіяў. Аднак мы выкарыстоўвалі сваё права на вылучэньне сваіх прадстаўнікоў, -- камэнтуе падзею старшыня Гарадзенскай абласной рады БНФ Сяргей Мальчык. - Той факт, што ў камісію ня ўключаныя прадстаўнікі апазыцыйных арганізацыяў, сьведчыць, што гарадзенскія ўлады рыхтуюцца да паўтора леташняга сцэнару. І пасьля выбараў новая ўлада стане яшчэ больш рэакцыйнай. Мяркую, што камісіі будуць падкантрольныя ўладзе. У Гомлі ў абласную тэрытарыяльную камісію таксама ня трапілі прадстаўнікі дэмакратычных партыяў. Фармаваньне выбарчых камісіяў праходзіла па савецкай традыцыі. Прэтэндэнтаў у камісію ніхто не абмяркоўваў. У кіраўніцтва выканкаму і прэзыдуюму аблсавету ўжо ляжаў папярэдне падрыхтаваны сьпіс складу камсіі з 13 асобаў. За гэты сьпіс адзінадушна і прагаласавалі, і пэрсанальна нікога не абмяркоўвалі. Такім чынам, у склад камісіі ўключылі ад Партыі камуністаў Беларускай дырэктара Рагачоўскага хлебазаводу Тамару Расюк – кандыдатура, якая, як лічаць у асяродку дэмакратаў, узгодненая з уладамі. А вось прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сьвятлана Гольдадэ, якую агулам падтрымалі ўсе зарэгістраваныя ў абласным цэнтры дэмакратычныя партыі і шэраг грамадзкіх арганізацыяў, у сьпіс ня трапілі. Учора, як паведаміла Радыё Свабода, у Гомлі была зацьверджаная гарадзкая выбарчая камісія - у яе таксама не ўвайшла кандыдатура ад дэмакратычных партыяў, сябра БНФ Галіна Бялова. Сярод 13 сябраў абласной выбарчай камісіі ёсьць яшчэ 7 прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў. Паводле начальніка ўпраўленьня арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкаму Аляксандра Каваленкі, гэта сябры ветэранскай арганізацыі, прафсаюзаў і БРСМ... У Віцебску ў склад абласной тэрытарыяльнай камісіі ад партыяў увайшлі толькі прадстаўнікі Лібэральна-дэмакратычнай партыі і Камуністычнай партыі Беларусі.