Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Андрэй Саньнікаў: Лукашэнка выігрывае час пад прыкрыцьцём перамоваў 10:48, 05/12/2002
“Прыезд амэрыканскіх кангрэсмэнаў несвоечасовы. Мэта незразумелая. Асабліва на тле рашэньня Злучаных Штатаў далучыцца да рашэньня Эўразьвязу аб’явіць кіраўніцтва Беларусі пэрсонамі нон-грата. Лукашэнка спрабуе скарыстаць гэты візыт для таго, каб уцягнуць АБСЭ ў чарговыя пустыя размовы або дабіцца стварэньня дэкаратыўнай прысутнасьці АБСЭ ў Беларусі. Гэта яго звычайная тактыка – выігрываць час пад прыкрыцьцём перамоваў. АБСЭ мусіць дакладна патрабаваць неадкладнага выкананьня юрыдычных абавязацельстваў Беларусі, у тым ліку і па цяперашнім мандаце місіі АБСЭ ў Менску”, - такім чынам міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саньнікаў пракамэнтаваў візыт у Менск прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.
Дэлегацыя ЗША ў складзе члена Палаты прадстаўнікоў амэрыканскага Кангрэсу Курта Уэлдана, сэнатара Конрада Бернса, члена Палаты прадстаўнікоў Роска Барлета, трох бізнэсоўцаў і супрацоўніка сакратарыяту па пытаньнях узбраеньня Палаты прадстаўнікоў прыбыла ў Менск 3 сьнежня. Мэтай свайго візыту кангрэсмэны назвалі нармалізацыю стасункаў паміж ЗША і Беларусяй, а таксама паміж Беларусяй і АБСЭ. Адказваючы на пытаньне карэспандэнта РІА "Новости", Курт Уэлдан паведаміў, што ідэя дыялёгу зь беларускім лідэрам узьнікла ў часе шматлікіх кантактаў з кіраўніцтвам расейскай Дзярждумы: Генадзем Селязьнёвым, Любоўю Сьліскай, а таксама іншымі расейскімі палітыкамі. Паводле кангрэсмэна, у часе 4-гадзінавай вячэры з Аляксандрам Лукашэнкам у аўторак і сустрэчай на гадзіну ў сераду яны абмеркавалі “дастаткова дзёрзкія пляны супрацоўніцтва зь Беларусяй”. Паводле яго, умовай супрацоўніцтва зьяўляецца выдача візаў супрацоўнікам АБСЭ і сябрам місіі гэтай арганізацыі, што павінна, паводле Курта Уэлдана “пасадзейнічаць нармалізацыі сытуацыі ў Беларусі”. Прадстаўнікі Кагрэсу ЗША сустрэліся ў Менску таксама з шэрагам лідэраў палітычных партыяў Беларусі: Анатолем Лябедзькам (АГП), Станіславам Шушкевічам (БСДП) і Сяргеем Калякіным (ПКБ). Кангрэсмэны праінфармавалі беларускіх апазыцыянэраў аб мэтах свайго кароткатэрміновага візыту ў Беларусь, а таксама аб выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, перадае прэсавая служба АГП. “Мы вельмі занепакоеныя разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі, станам дэмакратыі, правоў і свабодаў грамадзян”, -- заявіў кангрэсмэн Курт Уэлдан. Ён адзначыў, што дасягнутая галоўная мэта іх візыту – данесьці сваю зразумелую і жорсткую пазыцыю да беларускіх уладаў. “Мы зразумела сказалі Лукашэнку, што місія АБСЭ павінна атрымаць магчымасьць працаваць у Беларусі. Акрамя гэтага, Кангрэс ЗША не намерваецца падтрымліваць якія б то не было стасункі зь нелегітымным парлямэнтам рэспублікі”, -- сказаў К.Уэлдан. На думку амэрыканскіх кангрэсмэнаў, свабодныя дэмакратычныя выбары ў парлямэнт Беларусі могуць зьмяніць да лепшага цяперашнія стасункі паміж США і Беларусяй.