|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Піце піва! Пакуль ёсьць... 16:33, 09/12/2002, Сяржук Вожыкаў, Радыё Рацыя
Супраць кантрабандыстаў, уласна, і была ськіраваная пастанова Савету Міністраў Беларусі ад 23 жніўня 2002 году, якая стала пачаткам беларуска-расейскай піўной вайны. Вайны, ад якой, як заўсёды, найперш пацярпеў "трэці бок". А менавіта - Украіна. Згодна з пастановаю Савету Міністраў, беларускія ўлады адмянілі генэральную ліцэнзыю на імпарт піва ў рэспубліку. Замест яе імпартэры павінны сёньня набываць на кожную партыю зь 10 тысячаў дэкалітраў хмяльнога напою асобную ліцэнзыю. Кошт адной - $7 500, што адэкватна кошту 25-35% усёй партыі піва. Адначасова прынятае рашэньне маркаваць піва акцызам з мэтаю абароны беларускага рынку ад кантрабандных паставак расейскага піва. Гэта і павінна было абараніць айчыннага вытворцу. Што тычыцца айчыннага вытворцы, то зараз ён у заняпадзе, нягледзячы на добрую стартавую пляцоўку - беларускія бровары пачалі пасьпяхова дзейнічаць яшчэ тады, калі расейцы з украінцамі нават не расчухваліся. Пачынаючы з 1995 году вытворчасьць піва ў Беларусі пачала расьці. У 1996 годзе - на 32%, а ў 1997 - на 8%. У Расеі ж упершыню за дзесяцігодзьдзе вытворчасьць бровараў паболела толькі ў 1997 годзе - на 25% (параўнайце з нашымі 32%!). З 2000 году пачаўся заняпад беларускіх бровараў. А, між іншым, беларускія бровары чакалі штогадовага павелічэньня аб`ёмаў вытворчасьці піва ня меней, як на 7-10%! Заняпад пачаўся зь "дзяржзаказу", які гвалтоўна прымусіў беларускіх бровараў выкарыстоўваць ячмень, які быў прыдатны хіба што жывёлу гадаваць - якаснага піва з такога ня зробіш. Апроч таго, урад прымусіў бровараў фінансаваць вытворчасьць броварнага ячменю з крэдытаў, - у выніку кошт сыравіны ў 2 разы перасягнуў сусьветны. Натуральна, гэта паспрыяла падаражэньню айчыннага піва ды бракаваньню ягонай якасьці. Варта адзначыць, сытуацыю ўскладнілі самі бровары. Шукаючы, як кампэнсаваць удары ўраду, яны акурат падчас максымальнага попыту, у летні "сэзон", пачалі скарачаць тэрміны зброжваньня напою. Гэтага ня вытрываў ужо спажывец - людзі пачалі набываць значна даражэйшае, але больш якаснае імпартнае піва: расейскае ды ўкраінскае. Надзеі на экспарт таксама ня спраўдзіліся: заняпад якасьці справакаваў рэзкае зьніжэньне кошту беларускага піва. З гэтае прычыны пастаўкі за мяжу зрабіліся эканамічна-невыгодныя. Беларускія бровары захоўвалі свой экспарт толькі з прынцыпу: каб замежнікі - тыя самыя расейцы - не забыліся на наяўнасьць беларускіх брэндаў. У той час, як вытворчасьць нашага піва "рэгулявалася", расейскія бровары былі адпушчаныя на волю і актыўна шукалі інвэстараў. Вынік відавочны - нават у 1998 годзе (памятаеце дэфолт?) прырост вытворчасьці расейскага піва склаў 28%. Да суседзяў пайшлі інвэстары: SUN Interbrew, вядомы нам зараз па брэндах "Толстяк", "Клинское", "Сибирская корона"; Carlsberg (BBH) - "Балтика", "Медовое", "Ярпиво", "Невское"; Efes Beverage International - "Старый мельник", "Efes"; South African Breweries - "Золотая бочка". У мінулым годзе расейцы зварылі і выпілі (не без дапамогі беларусаў!) 600 млн. дэкалітраў піва! Абарот гэтай галіны рынку склаў $4,8 млрд. Расейцы адваявалі для сябе ўнутраны рынак. Нашы бровары яго згубілі - з-за высокіх коштаў якаснага беларускага піва, альбо таннага й няякаснага, якое мала выдае на піва. Зараз расейскія бровары імкнуцца займець і наш рынак. Пэўна, менавіта гэткія спробы і выклікалі пастанову Саўміну прыпыніць дзейнасьць генэральных ліцэнзыяў акцызаваць піва. Натуральна, гэта парушае шэраг саюзных дамоваў, дамову пра фрытрэйдэрства (вольны гандаль), ды уласна беларускае заканадаўства. Фактычна, Беларусь прымяніла эканамічныя санкцыі супраць расейцаў (у першую чаргу), нават не паспрабаваўшы гэтыя санкцыі абгрунтаваць. У адказ Саюз расейскіх бровараў зьвярнуўся са скаргай да Міністэрства эканамічнага разьвіцьця й гандлю Расеі. Апошняе ў сярэдзіне верасьня накіравала ў МЗС Беларусі ноту пратэсту. Нашае МЗС адказала на яе досыць цьмяна, зразумела было адзінае - скасоўваць ніхто нічога ня будзе: мы сваіх вытворцаў баронім. А вы, калі хочаце, бараніце сваіх. Лепшая абарона, як вядома - напад. На думку экспэртаў, неўзабаве Расея таксама запатрабуе акцызаў - і ня толькі на піва зь Беларусі, але й на шэраг іншых беларускіх тавараў. Дзіўна, але раней за расейцаў страцілі ад ліцэнзаваньня ды акцызаваньня паставак піва ягоныя спажыўцы. А найперш - беларускія аматары ўкраінскага піва. "Шэрыя" пастаўкі расейскага піва працягваюцца, - у значнай ступені ім спрыяе адсутнасць беларуска-расейскай мяжы. Тым часам украінскія "Чернігевське" ды "Славутіч" сталіся ў Менску вялікай рэдкасьцю. Больш упэўнена (пакуль што) выглядае "Оболонь". Відаць, з-за таго, што менавіта гэты брэнд адкрыў для ўкраінцаў беларускі рынак - і адпаведна, запасы "Оболони" ў беларускіх гандляроў большыя. Адрозна ад расейцаў, для украінцаў "шэрыя" схемы ў Беларусі не працуюць - дзякуючы наяўнасці беларуска-ўкраінскай мяжы. Гэта значыць, што айчыннага вытворцу Савет міністраў Беларусі сваім распараджэньнем не абараніў. Але - зьліквідаваў адзіных рэальных канкурэнтаў (!) расейскіх бровараў на нашым рынку. Атрымалася, як у барадатай показцы пра Дзеда Мазая - і сваім не дапамаглі, і расейскіх канкурэнтаў з рынку прыбралі, і кантрабандыстам стабільны прыбытак забясьпечылі. А што ж можна было зрабіць інакш? Зьвернемся да досьведу іншых, апроч Расеі, бліжэйшых суседзяў - Украіны. Раней для абароны свайго рынку ўкраінцы ўвялі абмежаваньні па мінімальным кантрактным кошце імпартуемага піва. Ва Украіну фактычна быў забаронены ўвоз піва таньнейшага за $0,45 за літр - пакуль свае бровары не наладзяць вытворчасьць нармальнага піва (зараз гэтая норма скасаваная). Апроч таго, пры імпартаваньні піва здымаецца пошліна 0,5 эўра за літр. Цяпер, паводле галоўнага эканаміста ЗАТ "Укрпіва" Галіны Караньковай, імпарт расейскага піва на Украіну складае ня больш 2-3% ад уласнай вытворчасьці, а экспарт украінскага ў Расею ў гэтым годзе вырас на 30%. Але ж, лепшаю парадаю беларускім "распараджэнцам" з Саўміну трэба было б памятаць добрую прыказку: "Трэба было думаць раней". Каб не згубілі якасьць піва ў 1998-2000 гадох - не было б праблемаў цяпер.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|