Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка абяцаў цяпло і ўтульнасьць, а ў Лагойску няма гарачай вады 11:16, 09/12/2002, «Народная воля»
“Газавая вайна” паміж Беларусяй і Расеяй, што скончылася перамір’ем, як і любая вайна, пакінула свае разбуральныя адбіткі. Прэзыдэнт Лукашэнка ў сваім вядомым выступе перад урадам запатрабаваў “жесточайшей» эканоміі газу і адначасова з гэтым абяцаў, што ў дамах грамадзян будзе цёпла і ўтульна. Гэтае супярэчлівае патрабаваньне дае магчымасьць “вертыкальшчыкам” на месцах вырашаць праблемы эканоміі энэрганосьбітаў за кошт пагаршэньня ўмоваў жыцьця грамадзян.
6 лістапада ў Лагойскім раённым выканаўчым камітэце праводзілася рабочая нарада па пытаньні зьмяншэньня і эканоміі спажываньня газу і разьлікаў за яго. Па-першае, вырашылі зьнізіць з 7 лістапада тэмпературны рэжым на 10 адсоткаў па цэнтральнай кацельні гораду. Па-другое, спыніць падачу гарачай вады ў выходныя. Да гэтага з пачаткам ацяпляльнага сэзону па суботах і нядзелях з 6.00 да 21.00 падавалі не гарачую, а цёплую ваду. Найжорсткая эканомія ператвараецца ў зьдзек над людзямі. Практычна тэмпература энэрганосьбіта зьніжаецца не на 10 адсоткаў, а на ўсе 50. Удзень батарэі ацяпленьня ледзь-ледзь цёплыя, а ноччу (з 21.00 да 7.00) ацяпленьне цалкам адключаецца. І толькі таму, што нябесная канцылярыя да канца лістапада падтрымлівала станоўчую тэмпературу навакольля, можна было існаваць. Але вось ляпнуў мароз... У сувязі з такой “жесточайшей экономией» зьяўляюцца пэўныя думкі. Некаторыя людзі добраахвотна ўзяліся кіраваць краінай разьлічваючы на авось. У іх, на вялікі жаль, нічога не атрымоўваецца, краіна валіцца ў бездань. Але яны з упартасьцю, годнай жалю, рукамі й зубамі чапляюцца за ўладу і ніяк не зразумеюць, што трэба саступіць месца больш здольным і талковым людзям, якія здолеюць вывесьці краіну з штучна створанага хаосу. Г.Чарняўскі, пэнсянэр. г.Лагойск