Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прэзыдэнт Латвіі падтрымала палітыку ЭЗ адносна Беларусі 10:58, 09/12/2002
Дэлегацыя беларускіх палітыкаў на чале з старшынём Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам 6 сьнежня прынялі ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі «Пасьля Прагі: пэрспэктывы супрацоўніцтва ва Ўсходняй і Паўночнай Эўропе», якая праходзіць у Рызе. У канфэрэнцыі прынялі ўдзел прэзыдэнт Латвіі Вайра Фрайбэрга, міністар абароны Літвы Л.Лінкявічус, Латвіі В.Крыстовкіс, былыя прэм`ер-міністар Швэцыі Карл Більд, Эстоніі Март Лар, прадстаўнікі Расеі, Грузіі, Польшчы, Украіны, ФРГ, ЗША. Як паведамляе прэсавая служба АГП, прэзыдэнт Латвіі Вайра Фрайбэрга ў сваім выступе падтрымала дзеяньні Эўразьвязу адносна беларускага рэжыму.
Паралельна МЗС Латвіі наладзіў для беларускай дэлегацыі шэраг сустрэч з палітычнымі партыямі, грамадзкімі арганізацыямі і СМІ. 6 сьнежня лідэр АГП Анатоль Лябедзька, прэзыдэнт асацыяцыі «Дзелавая ініцыятыва» Міхаіл Марыніч і жонка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага Ірына Красоўская сустрэліся з прадстаўніком Эўракамітэту па міжнародных справах сэйму Латвіі Інэсай Вайдэрэ. Бакі абмеркавалі шэраг пытаньняў, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс: супрацоўніцтва і каардынацыя сумеснай дзейнасьці ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і Рады Эўропы, магчымасьць правядзеньня ў наступным годзе ў сэйме Латвіі слуханьняў аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і выкраданьняў апанентаў беларускага рэжыму. Старшыня Камітэту заявіла, што «станоўча ставіцца да рашэньня краін ЭЗ аб увядзеньні санкцыяў адносна Лукашэнкі і яго бліжэйшага атачэньня». Спадарыня Вайдэрэ намерваецца актыўна садзейнічаць прасоўваньню Беларусі ў Эўропу: «У свой час нас актыўна падтрымлівалі, сёньня наш абавязак – падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі».