Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пракуратура аднавіла крымінальную справу аб зьнікненьні Завадзкага 15:27, 09/12/2002
Жонка зьніклага журналіста, Сьвятлана Завадзкая, не выключае, што гэта толькі імітацыя пошукаў ейнага мужа, якога без усялякага посьпеху шукаюць ужо больш за два гады. Паводле Сьвятланы Завадзкай, зараз сьледчыя заварушыліся выключна таму, што сваякі Завадзкага завалілі пракуратуру скаргамі на бязьдзейнасьць. “У мяне скалалася ўражаньне, што, калі б мы не даслалі скаргу Шэйману, яны б яшчэ год, і два не аднаўлялі гэтай справы”, - заявіла Сьвятлана Завадзкая Радыё Свабода.
Жонка і маці Зьмітра Завадзкага былі дапытаныя ў транспартнай пракуратуры як сьведкі па справе аб ягоным зьнікненьні. “Сьледчы задаваў мне пытаньні дастаткова фармальныя. Нічога новага. Я ўвогуле была зьдзіўленая, што ў сьледчага пад рукой нават справы не было. Між тым, ён казаў, што зноў будзе працаваць вялікая група сьледчых”. Нагадаем, што справа аб зьнікненьні Зьмітра Завадзкага была закрытая больш за год таму – пасьля таго, як яго вылучылі з гэтай справы аб злачынствах групоўкі Ігнатовіча. Гэтую групоўку судзілі, у тым ліку, за выкраданьне Завадзкага. Паводле Завадзкай, сьледчы ўпэўніў яе, што Валеры Ігнатовіч і ягоныя памагатыя зноў будуць дапытаныя. Нібыта пра гэта ў пракуратуры паклапаціліся, як і пра тое, каб на допытах апынуліся людзі, якія згадваюцца ў вядомых грамадзкасьці матэрыялах аб палітычных зьнікненьнях. І ўсё ж такі Сьвятлана Завадзкая ня выключае, што пракуратура толькі імітуе зацікаўленасьць у завяршэньні расьсьледаваньня. Што тычыцца асабіста яе, то яна разам зь яе адвакатам Сяргеем Цурко будзе настойваць на тым, што выкраданьне Завадзкага не зьяўляецца нейкімі бандыцкім эпізодам, і што гэтае злачынства стаіць у адным шэрагу з выкраданьнямі Захаранкі, Ганчара й Красоўскага.