Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандар Лукашэнка прыняў сёньня Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Іраку ў нашай рэспубліцы Ахмэда Абдулмажыда Дайфа ў сувязі з завяршэньнем паўнамоцтваў дыплямата. Кіраўнік Беларусі даў станоўчую ацэнку цяперашнім адносінам паміж Беларусьсю і Іракам і падкрэсьліў, што за апошнія гады ў двухбаковым узаемадачыненьні “было сделано очень много, в том числе и в экономике”. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь і Ірак заключылі кантрактаў на суму ў 300 мільёнаў даляраў ЗША, “если бы не вмешательство Соединенных Штатов в санкционном комитете ООН, то белорусско-иракское сотрудничество развивались бы еще динамичнее”. Аляксандар Лукашэнка выказаў вялікую зацікаўленасьць у тым, каб з Іраку былі зьнятыя ўсе санкцыі і падкрэсьліў, што гэта будзе “очень выгодно для Беларуси”.
Беларусь не закрытая ні для Францыі, ні для Эўропы. Пра гэта, як перадае карэспандэнт РІА "Новости", заявіў у аўторак Аляксандар Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы ад амбасадара Францыі Стэфана Шмялеўскага. Лукашэнка з жалем адзначыў, што Эўропа, “сама приняв решение закрыть от некоторых белорусских чиновников двери”, дэманструе нежаданьне весьці паўнавартасны дыялёг зь Беларусьсю.
У часе нядаўняга візыту дэлегацыі Міністэрства юстыцыі Польшчы ў Менск прадстаўнікі польскай пракуратуры (яна ўваходзіць у сыстэму Міністэрства юстыцыі) падпісалі зь беларускімі калегамі Пагадненьне аб рэалізацыі Дамовы аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных, працоўных і крымінальных справах, падпісанай паміж дзьвюма дзяржавамі 26 кастрычніка 1994 году.
Далучыцца да акцыі салідарнасьці “Павал, Мікола – мы чакаем вас!” заклікае жыхароў Беларусі, СМІ й грамадзкія арганізацыі рэдакцыя гарадзенскага інтэрнэт-выданьня «Пагоня». 10 сьнежня спаўняецца 100 дзён, як асуджаныя журналісты закрытай уладамі недзяржаўнай газэты «Пагоня» Павал Мажэйка й Мікалай Маркевіч знаходзяцца ў месцах абмежаваньня волі гарадоў Жлобін й Асіповічы. У рамках акцыі рэдакцыя сайту заклікае ў гэты дзень адаслаць журналістам па паштоўцы са словамі падтрымкі.
У пяніцу на мінулым тыдні ў лясным масіве насупраць будынка Наваполацкага гарадзкога суда было знойдзенае ў пятлі цела старшыні гарадзкога суда В.Атрашкевіча.
Апазыцыйныя палітычныя партыі й грамадзкія арганізацыі дэмакратычнай накіраванасьці падсумоўвалі вынікі другога этапа выбарчай кампаніі – фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Як сьведчаць статыстычныя дадзеныя, у камісіях амаль ня будзе прадстаўнікоў дэмакратычнай хвалі.
9 сьнежня ў Вене павінны былі пачацца афіцыйныя перамовы паміж АБСЭ й Беларусьсю аб умовах аднаўленьня працы ў Менску Кансультатыўна-назіральнай групы. Пра гэта заявіў 6 сьнежня Антоніа Марцінэс да Круз, міністар замежных справаў Партугаліі, якая зараз старшынюе ў АБСЭ. Напярэдадні гэтага міністар атрымаў ліст ад кіраўніка МЗС Беларусі Міхаіла Хвастова, у якім паведамляецца, што афіцыйны Менск “гатовы да пачатку новых афіцыйных перамоваў”.
У аўторак 10 сьнежня насупраць беларускай амбасады ў Галяндыі пройдзе пікет пратэсту, наладжаны галяндзкім прадстаўніцтвам Беларускага Цэнтру ў Бэльгіі. У Міжнародны дзень абароны правоў чалавека беларусы Галяндыі прыйдуць да будынка амбасады РБ для таго, каб выказаць сваё абурэньне цяглымі парушэньнямі правоў чалавека на іх радзіме. Беларусы, якія жывуць за мяжой, патрабуюць пошуку бязь вестак зьніклых і неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў. Прадстаўнікі беларускай дыяспары таксама настойваюць на правядзеньні свабодных і справядлівых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў у сябе на радзіме, паведаміў прэсаваму цэнтру Хартыі старшыня Беларускага цэнтру Павал Радзюк.
Судовыя слуханьні па справе Віктара Рахманька і іншых супрацоўнікаў Беларускай чыгункі адновяцца 10 сьнежня ў Вярхоўным судзе. Як паведамілі ў судзе карэспандэнту БЕЛТА, на заўтрашнім паседжаньні дзяржаўныя абвінаваўцы будуць працягваць допыт Віктара Рахманька.
Рашэньне аб прысуджэньні пятай Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека было прынятае аргкамітэтам Хартыі’97 10 сьнежня, у Дзень прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. На паседжаньні аргкамітэту было прынятае рашэньне – у 2002 годзе ўручыць прэмію ў намінацыі “За асабістую мужнасьць”:
Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Касьянаў заявіў аб неабходнасьці прыняць комплекс мераў па паскарэньні расейска-беларускай інтэграцыі. “Расейскія і беларускія экспэрты актывізавалі сваю працу ў апошнія два месяцы, на сустрэчы прэзыдэнтаў нашых краін абмяркоўваўся ўвесь комплекс пытаньняў, важных для інтэграцыі”, -- заявіў М.Касьянаў, адкрываючы ў аўторак у Доме ўраду двухбаковую сустрэчу з прэм’ер-міністрам Беларусі Генадзем Навіцкім.
Суд Берасьцейскага раёну прызнаў былога старшыню калгасу “Беларусь”, дэпутата Дамачэўскага сельскага Савету Сьпірыдона Падшыбякіна віноўным у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага арт.210 ч.2 Крымінальнага кодэксу РБ (крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі) і асудзіў яго да 2 гадоў пазбаўленьня волі.
Прамысловыя прадпрыемствы Віцебскай вобласьці на 1 кастрычніка сёлетняга году павінны сваім пастаўшчыкам за тавары, паслугі й працы больш за 831 мільярд рублёў. Амаль 620 мільярдаў з гэтай сумы складала запазычанасьць за энэргарэсурсы. Агульная ж крэдыторская запазычанасьць прамысловасьці Віцебшчыны пераўзышла адзін трыльён рублёў.
Нягледзячы на непаразуменьні, Расея паставіць у Беларусь у 2003 г. больш газу, чым сёлета. 10 сьнежня паліўна-энэргетычны балянс дзьвюх краін будзе зацьверджаны на Савміне “саюзнай дзяржавы”. 10 сьнежня кіраўнікі ўрадаў зацьвердзяць паліўна-энэргетычны балянс дзьвюх краін на 2003 год.
Кампанія “Сибнефть” у панядзелак афіцыйна аб’явіла аб набыцьці беларускага пакету акцыяў “Славнефти” памерам 10,8% за $207 млн. Аналітыкі лічаць, што гэтая зьдзелка павялічвае шанцы “Сибнефти” на перамогу на заплянаваным на 18 сьнежня расейскім аўкцыёне па продажу 74,9% акцыяў дзяржкампаніі. Але нават калі гэтага не адбудзецца, “Сибнефть” зможа зарабіць каля $77 млн.
У аўторак у Маскве адбудзецца сустрэча прэм’ер-міністраў Расеі й Беларусі Міхаіла Касьянава й Генадзя Навіцкага. Як перадае тэлекампанія НТВ, галоўнай тэмай на перамовах стане эканоміка “саюзнай дзяржавы” Расеі й Беларусі. У прыватнасьці, будзе абмяркоўвацца бюджэт на 2003 год і ўвядзеньне адзінай валюты.