Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Беларусі адзначылі Міжнародны дзень правоў чалавека 14:55, 10/12/2002
Міжнародны дзень правоў чалавека быў адзначаны ў Менску масавай акцыяй у памяць палітычных рэпрэсаваных беларусаў. Больш за дзьвесьце чалавек прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу сталіцы з партрэтамі бясьсьледна зьніклых палітыкаў Віктара Ганчара й Юры Захаранкі, журналіста Зьмітра Завадзкага, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, асуджаных журналістаў Паўла Мажэйкі й Міколы Маркевіча, памерлага пры загадкавых абставінах віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Генадзя Карпенкі, актывіста ЗУБРа Андрэя Зайцава, даведзенага да самагубства супрацоўнікамі КДБ. Каля гадзіны людзі стаялі пікетам на цэнтральнай плошчы Менску, а затым калёнай прайшлі да будынкаў Камітэту дзяржбясьпекі, Міністэрства ўнутраных справаў і Генэральнай пракуратуры, куды перадалі зварот Зінаіды Ганчар, Ульяны Захаранкі, Сьвятланы, Вольгі і Юры Завадзкіх і Ірыны Красоўскай з просьбай “пашырыць і ўмацаваць сьледчыя групы, якія ажыцьцяўляюць расьсьледаваньні абставінаў зьнікненьня Юры Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага шляхам прыцягненьня высокакваліфікаваных замежных спэцыялістаў”.
У акцыі прынялі ўдзел сваякі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў – маці, жонка і сын Зьмітра Завадзкага, Зінаіда Ганчар, Ірына Красоўская, а таксама лідэры ўсіх апазыцыйных дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў – лідэр Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, каардынатары Хартыі’97 Андрэй Саньнікаў, Зьміцер Бандарэнка і Людміла Гразнова, лідэры Аб’яднаных сацыял-дэмакратаў Валянціна Палевікова і Аляксей Кароль, лідэр БСДП НГ Мікалай Статкевіч, старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, намесьнік старшыні Беларускага Гэльсынскага камітэту Гары Паганяйла, старшыня цэнтру “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак і іншыя грамадзкія і палітычныя дзеячы. Акрамя палітычных партыяў, у акцыі прынялі ўдзел моладзевыя арганізацыі – ЗУБР і Малады Фронт.
Прыняць удзел у акцыі напярэдадні Міжнароднага дня правоў чалавека жыхароў заклікалі сваякі палітрэпрэсаваных. Мяркуючы па колькасьці людзей, якія сабраліся ў марозны сьнежаньскі дзень, заклік быў пачуты. Расьцягнуты па усёй вялізнай Кастрычніцкай плошчы ланцуг людзей з партрэтамі вядомых палітычных дзеячоў прыцягнуў увагу вялікай колькасьці мінакоў, многія зь якіх выказвалі жаданьне прыняць у ім удзел. У час акцыі прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў раздавалі ўлёткі і кішэнныя Дэклярацыі правоў чалавека.
Калёна людзей прастаяла гадзіну на плошчы, трымаючы ў руках партрэты, а затым рушыла па праспэкту Скарыны да будынка Камітэту дзяржбясьпекі. Ля КДБ людзі прастаялі каля дваццаці хвілінаў, аднак да іх так ніхто і ня выйшаў. Зварот сваякоў палітрэпрэсаваных аддалі дзяжурнаму. З будынку МУС і Генэральнай пракуратуры выйшлі супрацоўнікі гэтых ведамстваў і паабяцалі перадаць зварот міністру Навумаву й генпракурору Шэйману.
Пасьля таго, як удзельнікі акцыі перадалі звароты ў сілавыя ведамствы краіны, яны вярнуліся на Кастрычніцкую плошчу, дзе сваякі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў падзякавалі людзей за тое, што яны, нягледзячы на тое, што многім давялося адпрошвацца з працы, прынялі ўдзел у акцыі і гэтым самым аказалі вялікую падтрымку.
За ўдзел у мірнай акцыі ніхто ня быў затрыманы, аднак без эксцэсаў не абыйшлося. Позву з патрабаваньнем зьявіцца сёньня а 15.00 у Цэнтральны РАУС Менску атрымаў старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, які праз галосьнік павіншаваў удзельнікаў акцыі зь Міжнародным днём правоў чалавека. Напэўна, у гэтым міліцыя ўбачыла нейкае парушэньне закону.