Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дэмакратаў у выбаркамах ня будзе 10:41, 10/12/2002
Апазыцыйныя палітычныя партыі й грамадзкія арганізацыі дэмакратычнай накіраванасьці падсумоўвалі вынікі другога этапа выбарчай кампаніі – фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Як сьведчаць статыстычныя дадзеныя, у камісіях амаль ня будзе прадстаўнікоў дэмакратычнай хвалі.
Напрыклад, згодна паведамленьню Радыё Свабода, з 67 кандыдатаў ад Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях зарэгістравана ўсяго пяць сябраў партыі. Няма ніводнага прадстаўніка “Народнай Грамады” ў абласных камісіях, толькі адзін на ўзроўні горада – у Берасьці, тры ў раёнах і адзін у сельсавеце. Нават Лібэральна-дэмакратычная партыя Сяргея Гайдукевіча, якая вылучыла ў камісіі 103 чалавека, згодна папярэдніх зьвестак, здолела зарэгістраваць толькі 10 чалавек. Лепшыя вынікі пакуль толькі ў камуністаў з партыі Сяргея Калякіна. Ажно 25 чалавек, а гэта кожны трэці з вылучаных партыяй, сталі членамі тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. У сувязі зь неўключэньнем прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі АГП прыняла пратэстную заяву. “На апошніх адносна дэмакратычных парлямэнцкіх выбарах у 1995 годзе за кадыдатаў АГП прагаласавалі больш за мільён выбарцаў, -- сьцьвярджаецца ў заяве, -- у 2000 годзе партыя не прымала ўдзел у выбарах у Палату Прадстаўнікоў, бо ўлады Беларусі адмовіліся выканаць чатыры ўмовы міжнароднай супольнасьці. Як вынік – выбары не былі прызнаныя дэмакратычнымі і адпаведнымі стандартам АБСЭ. Аднак улады не зрабілі высноваў з папярэдняй кампаніі, сьведчаньнем чаго зьяўляецца неўключэньне ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў”. Аб’яднаная грамадзянская партыя, сьцьвярджаецца ў заяве, вылучыла ў камісіі больш за 70 чалавек. Сярод іх дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, мясцовых Саветаў. Вылучэньне адбывалася непасрэдна рэгіянальнымі партыйнымі арганізацыямі і ад грамадзкіх аб’яднаньняў і праз збор подпісаў. Па Гомельскай вобласьці кандыдаты ў камісіі вылучаліся ад рэгіянальнай кааліцыі дэмакратычных партыяў. Аднак з вылучаных кандыдатаў, паводле папярэдняй інфармацыі, толькі адзін прадстаўнік АГП быў уключаны ў склад тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ў г.Жлобіне. АГП расцэньвае дзеяньні ўладаў як працяг старой палітыкі, накіраванай на захаваньне поўнага кантролю над працэсам падліку галасоў, на фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня й прывядзеньня ў мясцовыя Саветы прыхільнікаў рэжыму. АГП настойліва заклікае ўлады перагледзіць свой падыход да фармаваньня выбаркамаў і дапусьціць у склад участковых выбарчых камісіяў прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў Беларусі.